Кветкі патрыётам і ахвярам
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл наведалі слонімскія гарадскія могілкі і ўсклалі кветкі на магілы сваіх вядомых землякоў Васіля Супруна і Андрэя Вайтовіча. Сябры згуртавання памянулі іх хвілінай маўчання.
Васіль Супрун (1926-2007) быў актыўным удзельнікам нацыянальнага падполля, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1946 годзе ён стварыў патрыятычную арганізацыю “Чайка”, удзельнікі якой жылі ў Слоніме, Пінску, Баранавічах і Наваградку. У 1947 годзе Васіля Супруна арыштавалі і пакаралі 25 гадамі зняволення. Ён прабыў у ГУЛАГу каля дзесяці гадоў. У 1992 годзе Супрун падаваў прашэнне аб рэабілітацыі, але беларускія ўлады адмовілі яму ў гэтым.
Андрэй Вайтовіч (1920-2008) быў сябрам Беларускай незалежніцкай партыі, вайскоўцам наваградскага швадрону Барыса Рагулі. У верасні 1944 года яго выдаў чэкістам здраднік. Андрэя Вайтовіча катавалі, ён абвясціў галадоўку ў менскай “амерыканцы”, яго вывелі з яе прымусова. Пасля былі сталінскія лагеры. У Слонім вярнуўся ў 1960 годзе. Жыў пад наглядам. Шчыра сябраваў з Ларысай Геніюш, дапамагаў ёй.
У гэты самы дзень слонімскія дэмакраты наведалі і могілкі ў вёсцы Якімавічы. Яны ўсклалі кветкі на магілу Васіля Струпаўца (1928-2000) – грамадскага актывіста, былога сябра БНФ “Адраджэнне”, сям’ю якога падчас вайны расстралялі савецкія партызаны.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім