Кветкі тым, хто загінуў на Пятралевіцкай гары



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл разам з іншымі слонімцамі 9 траўня наведалі Пятралевіцкую гару, што недалёка ад Слоніма. У гады Другой сусветнай вайны жыхары Слонімшчыны сталі ахвярамі шматлікіх карных аперацый фашыстаў. На Пятралевіцкай гары і ва ўрочышча Маргі было расстраляна некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Сярод іх – 21 тысяча яўрэеў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Варшаўскага гета. Там ахвярам-яўрэем устаноўлены помнік.

На Пятралевіцкай гары былі ў 1942 годзе расстраляныя слонімскі езуіт Адам Штарк і непакалянкі Марта Валеўская і Ева Нашэўская. Фашысты расстралялі на гары і сотні беларусаў, сярод іх былі настаўнікі, семінарысты, дактары, службоўцы, дзесяткі дзяцей. Там знаходзіцца і магіла Сцяпана Мароза, які ў 1944 годзе загінуў за свабоду Беларусі –  так напісана на помніку. Усім ахвярам фашызму на Пятралевіцукай гары ўстаноўлены вялікі помнік. На жаль, не прыгадваецца нідзе, што на Пятралевіцкай гары да пачатку Другой сусветнай вайны і пасля вайны сталінскія каты расстралялі і сотні слонімцаў, найперш тых, хто належаў да беларускай і польскай інтэлігенцыі. Усе гэтыя людскія ахвяры сённяя з’яўляюцца незагойнымі ранамі на целе нашай Бацькаўшчыны.

Слонімцы ўсклалі кветкі і вянкі да помнікаў і магіл на Пятралевіцкай гары, а святары асвяцілі іх магілы.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара