Квітанцыі за штрафы ад журналіста-фрылансера Змітра Лупача



Больш за тысячу квітанцый аб аплаце штрафу раздрукаваў журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач. Яму трэба было заплаціць у Глыбоцкі райбюджэт 1020 беларускіх рублёў. Такі штраф, агулам 40 базавых велічыняў, два месяцы таму прысудзіў яму Глыбоцкі суд паводле двух адміністрацыйных артыкулаў. За быццам бы незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ і за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў адпаведна.

Падставай для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці стала супраца журналіста з тэлеканалам “Белсат”.

Аспрэчыць рашэнне Глыбоцкага суда ў Віцебскім абласным судзе Змітру Лупачу не ўдалося, таму яму давялося аплочваць штраф. А рабіў ён гэта па рублю, таму і атрымалася столькі квітанцый.

– Не столькі хацелася прапіярыць сябе, а менавіта паказаць абсурднасць гэтых судоў. Таму што такія штрафы даюць. А тут гэты чэк раздрукаваў, таму што Шаркоўшчынскі раён самы бедны. Усе суды пастанову прысылаюць мне на фармаце А4. А Шаркоўшчынскі мне прыслаў на фармаце А5. То я вырашыў квітанцыю вялікую раздрукаваць.

Квітанцыю ў Шаркоўшчынскі суд, які аштрафаваў яго праз некалькі дзён пасля Глыбоцкага суда, Зміцер Лупач раздрукаваў памерам 1.5 на 1.5 метра. Тады, у красавіку, у Шаркоўшчыне журналіста пакаралі штрафам 35 базавых велічыняў з той жа фармулёўкай “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

Паводле Змітра Лупача, квітанцыі ён пакуль пакіне пры сабе, а перадасць у суды або судовым выканаўцам пры патрэбе.

Таццяна Смоткіна