Квіз пра БНР у межах берасцейскай «Мовы нанова»



Шэсць камандаў, агульнай колькасцю ў трыццаць чалавек, прынялі ўдзел у квізе, прысвечаным гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Інтэлектуальная гульня праводзілася ў межах курсаў “Мова нанова” ў адной з залаў Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца прадстаўнік камандыпераможцы “Якар мне ў вушы”:

– Уражанні файныя, і даведалася шмат чаго новага, і пагулялі добра, настрой палепшыўся.

РР: Калі праз падобныя квізы, мерапрыемствы кшталту «Мова нанова» пашыраць веды пра нашу нацыянальную гісторыю, яна, як вы лічыце, стане больш папулярнай?

– Безумоўна. Ёсць жа такі актуальны спосаб для таго, каб сабрацца разам. Чаму не? Гэта ж вельмі добра, весела, утульна, цікава, пазнавальна.

Гульня складалася з некалькіх тураў, падзеленых тэматычна. Адзін з тураў быў прысвечаны падзеям, мясцінам і асобам БНР, звязаных з Берасцем. “Частка ўдзельнікаў квізу напярэдадні святкавання сотых угодкаў абвяшчэння БНР наведалі адмысловую тэматычную экскурсію па Берасці. Таму некаторыя справіліся з пытаннямі гульні без асаблівых цяжкасцяў”, – падсумавалі арганізатары.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара