„Лабараторыя Касперскага” назвала ключавыя кіберпагрозы ў Беларусі
Паводле дадзеных кампаніі „Лабараторыя Касперскага”, найбольш прыкметным па колькасці атак відам шкоднага ПЗ, з якім сутыкнуліся беларусы ў 2018 годзе, сталі крыптамайнеры. Атакі гэтага віду вірусных праграм зведалі больш за 15% карыстальнікаў.
У цэлым, як паведаміла „Лабараторыя Касперскага”, з рознага роду лакальнымі пагрозамі на сваіх прыладах (заражэнне з флэшкі або здымнага дыска) сутыкнуліся крыху больш за палову (54%) беларускіх карыстальнікаў, а 40% зведалі атакі ў інтэрнэце. Акрамя гэтага, усяго за год у Беларусі абарончымі рашэннямі „Лабараторыі Касперскага” было заблакавана больш за 3,7 млн унікальных шкодных спасылак. Расце таксама колькасць пагроз для мабільных прылад на Android. За мінулы год кожны адзінаццаты ўладальнік такіх гаджэтаў быў атакаваны мабільным шкодным ПЗ.
„Як паказвае наша статыстыка, ландшафт кіберпагроз у Беларусі для карыстальнікаў у мінулым годзе зведаў некаторыя змены. У прыватнасці, значна больш распаўсюджанымі сталі скрытыя майнеры. Гэта агульнасусветны трэнд: вялікую ролю адыгрывае тое, што майнеры могуць на працягу доўгага часу працаваць незаўважна для карыстальніка, але нават калі праграма будзе выяўлена, малаверагодна, што ахвяра будзе звяртацца ў праваахоўныя органы. Пры гэтым наступствы заражэння могуць быць вельмі сумнымі — аж да выхаду прылады са строю”, — адзначыў прадстаўнік „Лабараторыі Касперскага” ў Беларусі Дзмітрый Кудрэвіч.
Для абароны ад кіберпагроз „Лабараторыя Касперскага” рэкамендуе прытрымлівацца некалькіх асноўных правіл: не пераходзіць па сумнеўных спасылках з лістоў, паведамленняў у месенджарах або SMS; рэгулярна ўстанаўліваць абнаўленні для аперацыйнай сістэмы і дадаткаў; устанаўліваць дадаткі толькі з афіцыйных крам; выкарыстоўваць складаныя і розныя паролі для ўсіх уліковых запісаў; рэгулярна капіяваць важныя дадзеныя са сваёй прылады ў воблака, на USB-флэшку ці цвёрды дыск; не даваць дадаткам доступу да тых функцый, якія ім не патрэбныя; устанавіць надзейнае абарончае рашэнне, у тым ліку на мабільныя прылады.
„Лабараторыя Касперскага” — заснаваная ў 1997 годзе ў Расеі міжнародная кампанія, якая спецыялізуецца на распрацоўцы сістэм абароны ад камп’ютарных вірусаў, спаму, хакерскіх атак і іншых кіберпагроз. Адна з найбуйнейшых антывірусных карпарацый з сеткай офісаў па ўсім свеце.
belapan.by