Лагойск застаўся без вады
У Лагойску ўвечары 14 мая з-за прарыву трубавода без вады застаўся ўвесь горад.
Як паведамілі БелаПАН у Лагойскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, інфармацыя пра прарыў трубавода халоднага водазабеспячэння дыяметрам 200 мм па вуліцы Гайненскай паступіла 14 мая ў 18:50. Спачатку без вады застаўся 31 шматкватэрны жылы дом, а затым і ўвесь горад. Жыхарам арганізаваны падвоз вады.
Па стане на 6 раніцы панядзелка без халоднага водазабеспячэння застаецца 11 549 жыхароў. На месцы аварыі вядуцца рамонтныя работы. Як мяркуецца, водазабеспячэнне павінна быць адноўлена сёння да 15 гадзін.