„Ланцуг незалежнасці” ў Гародні (абноўлена)



Каля сотні гарадзенцаў прынялі ўдзел у „Ланцугу незалежнасці” на Старым мосце ў цэнтры Гародні. Людзі стаялі з плакатамі, з бел-чырвона-белымі сцягамі. Падчас акцыі прадстаўнікі міліцыі здымалі на відэа і фатаграфавалі амаль кожнага ўдзельніка акцыі. Акцыя доўжылася амаль паўгадзіны і напрыканцы акцыі кіраўнік БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў адправіў рэзалюцыю ад гарадзенцаў у выглядзе карабліка па Нёмане.

Кажа Вадзім Саранчукоў:

– Я хацеў бы падзякаваць усім людзям, якія з’явіліся сёння ў цэнтры Гародні, каб выказаць свой пратэст і сваё стаўленне да незалежнасці нашай краіны. Абсалютна перакананы, што такія акцыі патрэбныя. І яны будуць працягвацца, пакуль не знікне пагроза незалежнасці.

РР: Вось вы адправілі рэзалюцыю, куды?

– Гэта сімвалічная адпраўка праз водны шлях па Нёмане да Балтыйскага мора, далей да Фінскага заліву – у Піцер, дзе 20-га будуць сустракацца дыктатары дзвюх краін, для таго, каб падпісваць нейкія дамовы паміж сабой, для гандлю нашай незалежнасцю. Таму гэта сімвалічная адпраўка адбылася, і я перакананы, што тэксты, якія мы рассылаем таксама іншымі шляхамі, патрапяць і ў аналітычныя службы прэзідэнтаў краін.

Падчас акцыі стала вядома, што ў Гародні перад правядзеннем акцыі быў затрыманы актывіст Аляксандр Лаўрэнц’еў, які знаходзіцца ў адным з РАУСаў Гародні.

У гарадзенскім „Ланцугу незалежнасці”, які адбыўся на Старым мосце ў Гародні, прынялі ўдзел прадстаўнікі розных партый і арганізацый, а таксама простыя гарадзенцы.

Пра свой удзел у акцыі распавядае экс-кандыдат у дэпутаты, прадстаўнік „Народнай Грамады” Уладзімір Арцыман:

– 20 снежня кіраўнік нашай дзяржавы плануе падпісаць дамову пра палітычную інтэграцыю. Нікому канкрэтна невядома, што там яны збіраюцца падпісаць. І я не хачу, каб незалежнасць Беларусі прадавалася за энергетычныя рэсурсы Расеі. Ён ужо нагаспадарнічаў, гаспадарнік, са сваімі міністрамі, са сваім урадам, і зараз прадае краіну.

На думку прадпрымальніка Івана Бяленіка, ён прыйшоў на акцыю, таму што хоча жыць ў Незалежнай краіне.

– Я хачу жыць у вольнай, незалежнай краіне. Хачу каб мае дзеці жылі ў вольнай, незалежнай краіне. Я лічу, што Беларусь павінна быць незалежнай краінай, і мы павінны мець добрасуседскія адносіны як з Захадам, так і з Усходам. Але гэта павінны быць проста адносіны, а не ніякая інтэграцыя і нешта падобнае.

Падчас акцыі яе ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, што яны не хочуць удзельнічаць у ніякіх саюзах з Расеяй, а праязджаючыя кіроўцы падтрымлівалі удзельнікаў акцыі гукавымі сігналамі.

***

Гарадзенскі актывіст Мікалай Салянік запрасіў усіх неабыякавых прыняць удзел у „Ланцугу незалежнасці”. Згодна з прапановай, удзельнікі акцыі мусяць стаць уздоўж ходнікаў Старога моста празь Нёман і на адыходзячых ад яго вуліцах. Галоўная мэта акцыі – паказаць, што гарадзенцы падтрымліваюць незалежнасць сваёй краіны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча