Ланцугі салідарнасці з’явіліся па ўсёй Беларусі
23 студзеня менчане і жыхары іншых гарадоў Беларусі, а таксама прадстаўнікі беларускіх дыяспар за мяжой праводзяць акцыі ў падтрымку Ігара Лосіка, які саракавы дзень галадае ў мінскім СІЗА, з патрабаваннем вызвалення яго і ўсіх іншых палітвязняў.
Каля 15.00 людзі па ўсёй Беларусі пачалі станавіцца ў ланцугі салідарнасці. Гэта першы агульнанацыянальны пратэстны выхад гэтай зімой.
Фота з фэйсбука Зміцера Дразда.
Як паведамляюць тэлеграм-каналы, у Менску ланцугу паўсталі ўздоўж праезнай часткі на вуліцах Ціміразева і Алібегава, каля парку Чалюскінцаў, у Малінаўцы, Вяснянцы, Грушаўцы, Каменнай Горцы, каля станцыі метро „Міхалова”, насупраць гандлёвага цэнтра Dana Mall, ва Уруччы, Зацані і іншых месцах.
Да 15.30 пачала з’яўляцца інфармацыя пра першыя затрыманні, у прыватнасці ў раёне вуліцы Прытыцкага і ў мікрараёне Усход.
У першай палове дня акцыі пратэсту ў сталіцы правялі жыхары вуліц Лынькова і Магілёўскай, Ваеннага гарадка і Уручча, раёна станцыі метро „Усход”, пасёлкаў Копішча і Сонечны, мікрараёнаў Курасоўшчыны, Сухарава. У мікрараёне Чкалаўскі акцыя прайшла з удзелам суседзяў з Лошыцы, раёна Камвольнага камбіната і пасёлка Гатава.
Акцыі салідарнасці праходзяць таксама ў Гародні, Віцебску і Наваградку.
Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года і прызнаны палітзняволеным. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што Лосіку выстаўленае новае абвінавачанне — на падставе арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Лосік віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачванне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачванняў або змены яму меры стрымання.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі 22 студзеня выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні палітычнымі зняволенымі яшчэ пяці чалавек, а ў цэлым іх колькасць у краіне дасягнула 190.