Ларыса Жыгар: Хлопцы ўжо выходзяць на волю



Лідар кампаніі «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар распавядае, да чаго прывяло змаганне жанчын за сваіх сыноў, якія знаходзяцца ў няволі па наркатычным артыкуле.

Нагадаем, што «Матчын рух 328» – гэта грамадскае аб’яднанне, якое змагаецца за правы асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў. Першапачаткова было патрабаванне наконт перагляду шэрагу крымінальных спраў.

Выказвалася меркаванне, што следства неабгрунтавана кваліфікавала ўчынкі некаторых асоб па больш цяжкіх частках 328-га артыкула, чым належала.

З часам патрабаванні грамадскасці пашырыліся да ўнясення змен у антынаркатычнае заканадаўства. Пад уплывам аб’яднання «Матчын рух 328», і Палата прадстаўнікоў у мінулым годзе прыняла некаторыя змены ў Крымінальны кодэкс.

Таксама ў мінулым годзе прадстаўніцы руху сустракаліся з экс-кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай і міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым.

Ларыса Жыгар: Ёсць канкрэтныя вынікі нашай працы, бо ў апошні час хлопцы, якія былі асуджаны па наркатычным артыкуле, актыўна выходзяць на волю. Многім па амністыі зменшылі пакаранне на 2-3 гады, і гэта радуе.

У нашай групе ў сацыяльных сетках многія маці ўжо напісалі і пра вызваленне сыноў, і пра змяншэнне тэрмінаў. Таму вынік ёсць, але наша праца працягваецца.

РР: Чым зараз займаецеся?

Ларыса Жыгар: Ёсць праблема ў тым, што хлопцы выходзяць на волю, але ім недзе трэба яшчэ працаўладкавацца і сацыялізавацца. Таму і на гэтым фронце мы працуем.

Напачатку лютага мяне запрасілі, напрыклад, у Гарадзенскі аблвыканкам, і на сустрэчы з кіраўніцтвам якраз і пойдзе размова па гэтым пытанні.

Куды можа працаўладкавацца чалавек, які раней быў асуджаны за наркотыкі? Мяркую, не кожны працадаўца захоча браць да сябе такога работніка. Таму мы хочам прапанаваць свой праект, які распрацаваны нашым рухам.

Маладыя людзі павінны атрымаць шанец ізноў стаць паўнапраўнымі членамі грамадства, іх не трэба адштурхоўваць. Яны павінны мець магчымасць працаваць на дабрабыт гэтага грамадства, ствараць сем’і і жыць нармальным жыццём. Людзі не павінны паўтараць старыя памылкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя