Ларыса Жыгар просіць абараніць яе гонар і годнасць



Старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнню сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар звярнулася да пракурора Гарадзенскай вобласці Віктара Марозава з патрабаваннем правесці праверку ў дачыненні да аўтара паклёпніцкага артыкула ў газеце “Гродзенская праўда”.

Zyhar

Старшы саветнік юстыцыі Вячаслаў Ігнацік апублікаваў у галоўным праўладным выданні вобласці артыкул, у якім абвінавачвае Ларысу Жыгар у спробе стварэння арганізацыі, якая будзе абараняць інтарэсы наркагандляроў. У артыкуле ўтрымліваецца шэраг неабгрунтаваных абвінавачванняў як у бок Ларысы Жыгар, так і ў бок яе сына, які адбывае тэрмін турэмнага зняволення. Дадзеная публікацыя, на думку Ларысы Жыгар, з’яўляецца спробай умяшальніцтва ў прыватнае жыццё, а таксама абразай яе гонару і годнасці:

– Суцэльная хлусня. Піша, што мы сапраўды ратуем наркаманаў, наркагандляроў. У мой адрас шмат хлусні, што я такая-сякая арганізавала гэты рух. Так, я арганізавала. За мной пайшлі жанчыны-маці менавіта тых хлопцаў, якія несправядліва асуджаныя па артыкуле 328.

Актывісты сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” лічаць, што артыкул у газеце “Гарадзенская праўда” напісаны на замову і накіраваны на падрыхтоўку грамадскай думкі да адмовы ў рэгістрацыі арганізацыі. Грамадскае аб’яднанне “Матчын рух 328” мае на мэце ажыццяўленне дзейнасці, накіраванай на прапаганду здаровага ладу жыцця, аказанне неабходнай дапамогі асуджаным і іх сем’ям, а таксама супрацьдзеянне фальсіфікацыі справаў паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (“Незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў”).

Беларускае Радыё Рацыя