Ларыса Жыгар: Спадзяемся, што нас пачулі



Лідар “Матчынага руху 328” Ларыса Жыгар распавяла пра тое, ці ёсць ужо вынікі сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі беларускага кіраўніка.

Нагадаем, што “Матчын рух 328” – гэта грамадскае аб’яднанне, якое змагаецца за правы асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў. Першапачаткова было патрабаванне наконт перагляду шэрагу крымінальных спраў. Выказвалася меркаванне, што следства неабгрунтавана кваліфікавала ўчынкі некаторых асоб па больш цяжкіх частках 328-га артыкула, чым належала.

З часам патрабаванні грамадскасці пашырыліся да ўнясення змен у антынаркатычнае заканадаўства. Пад уплывам аб’яднання “Матчын рух 328” Палата прадстаўнікоў сёлета прыняла змены ў Крымінальны кодэкс: ніжні парог пакаранняў па 2-й і 3-й частках артыкула 328 быў зменшаны на два гады.

Не так даўно, прадстаўніцы руху аб’явілі галадоўку, якая працягвалася з 11 чэрвеня па 3 ліпеня. Пасля гэтага іх прыняла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

Ларыса Жыгар: На працягу месяца нам паабяцалі даць адказы на тыя пытанні, што мы задавалі падчас сустрэчы. Зараз галадоўка спынена, але будзем далей глядзець, якім будзе вынік нашага пахода ў Адміністрацыю прэзідэнта. Пакуль жа нават не бачна выніка па амністыі.

РР: Якія ў вас чаканні пасля сустрэчы з Наталляй Качанавай?

Ларыса Жыгар: Мяркую, часткова нешта з нашых прапаноў задаволяць, хаця мы шмат праблем падымалі. І па прафілактыцы злачынстваў па наркатычным артыкуле, і наконт таго, каб нейкія справы былі перагледжаны. Таму я не думаю, што ўсе нашы прапановы будуць адхілены. У любым выпадку паабяцалі даць разгорнуты адказ на тыя пытанні, што мы задавалі.

Хаця нам хацелася б, каб гэта былі не агульныя фразы альбо нейкая статыстыка, а ўбачылі канкрэтны вынік. Таму, калі не будзе канкрэтыкі, то ізноў будзем запісвацца на прыём да Наталлі Качанавай.

Тое, пра што мы кажам, сур’ёзная праблема, якая не вырашаецца. Кіраўніца Адміністрацыі сказала нам, што суды ўжо па-іншаму сталі ставіцца да праблемы, але мне ў гэта пакуль не верыцца. Хаця спадзяемся, што нас пачулі.

РР: Праўда, што ў хуткім часе будзе сустрэча і з міністрам унутраных спраў?

Ларыса Жыгар: Так, маці, чые дзеці асуджаны па 4-й частцы артыкула 328, запісаліся на прыём да Юрыя Караева на 7 жніўня. І ім, як быццам, не адмоўлена ў сустрэчы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя