Ларыса Жыгар: У нас пакуль няма прэзумпцыі невінаватасці



Старшыня грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» распавяла, якія ў яе надзеі ў сувязі з заявамі міністра ўнутраных спраў.

Нагадаем, што кіраўнік МУС Юрый Караеў заявіў, што грамадства абмяркоўвае суровасць пакарання для тых, хто асуджаны па наркатычных артыкулах.

«Мы таксама ўдзельнічаем у гэтым абмеркаванні і маем сваю пазіцыю, – выказаўся Караеў. – Выразна бачым, хто з’яўляецца спажыўцом, хто захоўваў наркотыкі для сябе і, у тым ліку, для збыту, каб зарабіць на наступную дозу. Такім патрэбна медычная дапамога.

Таму трэба дакладна вызначыць, хто мэтанакіравана імкнецца ўзбагаціцца, стварае лабараторыі, прывозіць наркотыкі ў краіну, а хто зʼявіўся ўцягнутым у гэтую сітуацыю».

Ларыса Жыгар: Спадзяюся, што цяперашняе кіраўніцтва МУС адэкватна ацэньвае тую абстаноўку, у якую патрапілі шматлікія маладыя людзі з наркотыкамі, скажам так, па сваёй дурасці.

Не так даўно мы былі на прыёме ў адміністрацыі кіраўніка краіны, і нам паведамілі, што ў дачыненні да некаторых асуджаных па наркатычным артыкуле, магчыма, будзе ўжывацца памілаванне і амністыя ў наступным годзе. Але дадалі, што заканадаўства па гэтым пытанні больш змяняцца пакуль не будзе.

РР: Агульная сітуацыя абнадзейвае?

Ларыса Жыгар: Ведаеце, маці тых хлопцаў, хто знаходзяцца зараз у няволі, ужо даўно жывуць надзеяй, таму мы сябе цешым гэтым кожны дзень. І разглядаем сітуацыю не толькі да канкрэтных асобаў, якія знаходзяцца за кратамі, а ўвогуле.

Трэба, каб суды і пракуратура змянілі падыходы, спадзяемся, што некаторыя справы ўсё-такі будуць перагледжаны пракуратурай, каб тая справядліва ацаніла, наколькі злачынствы адэкватныя пакаранню. Павінна ў нас быць прэзумпцыя невінаватасці, а пакуль яе зусім няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё