Латушка: Страйк — гэта тое, чаго баіцца рэжым Лукашэнкі
Стачкамы трох буйных заводаў Беларусі абвясцілі пра аб’яднанне 5 сакавіка. Гэта „Гродна Азот”, наваполацкі „Нафтан” і Беларускі металургічны завод (Жлобін). Каментуючы гэта, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў, што „завадчане — гэта вялікая сіла”.
«Страйк — гэта тое, чаго баіцца рэжым Лукашэнкі. Адсюль і сталы ціск і рэпрэсіі на завадчан, пагрозы і звальненні. Каб супрацьстаяць гэтаму, у нас ва ўсіх ёсць магутны інструмент — гэта салідарнасць… Чым мацней будзе страйкавы рух, тым бяспечней ён будзе для ўдзельнікаў — і тым хутчэй мы даможамся агульнай мэты. Разам, як адзінае цэлае, мы зможам вярнуць сабе свабоду і дамагчыся выканання народных патрабаванняў. Разам мы зможам зрабіць так, каб рабочых больш ніколі не заганялі дубінкамі на завод”.
Чальцы стачкамаў тлумачаць такое аб’яднанне неабходнасцю суладнай працы і хутчэйшага дасягнення агульнай мэты страйкавага руху. Асноўныя патрабаванні не змяніліся: сыход Лукашэнкі, спыненне гвалту з боку сілавікоў, вызваленне палітвязняў і новыя выбары.
Беларускае Радыё Рацыя