Леанід Дубаносаў: Падалі скаргу на капітана міліцыі за нетактоўныя паводзіны



Жыхары 10-га мікрараёна горада Мікашэвічы паскардзіліся ў Лунінецкі раённы аддзел міліцыі на капітана міліцыі Басманава за нетактоўныя паводзіны. Праваахоўнік прыехаў для вырашэння канфліктнай сітуацыі, якая паўстала ў суседа актывіста кампаніі “Гавары праўду” Леаніда Дубаносава. Актывіст быў сведкай таго, як яго сусед папярэдзіў жыхара вуліцы за вельмі хуткую язду на машыне па тэрыторыі, дзе гуляюць дзеці. Такая небяспечная язда для таго была нормай і ён выклікаў міліцыю. Суседа без разбіральніцтва пацягнулі ў міліцэйскі аўтамабіль, кажа Леанід Дубаносаў:

– На пытанне: што здарылася? Ён адказаў: не твая справа. Калі я папрасіў яго прадставіцца, ён адказаў: а хто ты такі? Хаця я яму прадставіўся, што я Леанід Дубаносаў, што я жыхар гэтага мікрараёна, што гэта мой сусед, таму я хацеў бы даведацца, што здарылася, можа патрэбна якая-небудзь дапамога. Калі я сказаў, што буду скардзіцца, ён адказаў: хоць у пракуратуру.

Па словах актывіста, міліцыя якой плаціць народ, павінна быць культурнай і абараняць закон. Суседа Дубаносава аштрафавалі нібыта за лаянку, сведкам якой апынуўся кіроўца міліцэйскай аўтамашыны.

Беларускае Радыё Рацыя