Леанід Кулакоў: Мне збіраюцца закрыць выезд за мяжу…



Актывіст Леанід Кулакоў пракаментаваў рашэнне суда, які прызначыў яму штраф памерам 600 даляраў.

Нагадаем, што 2 снежня ў судзе Першамайскага раёна Менска разглядаліся справы чатырох актывістаў, у дачыненні да якіх былі складзены пратаколы па артыкуле за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, – Дзяніса Красачкі, Ніны Багінскай, Леаніда Кулакова і Вольгі Нікалайчык.

Як паведамляюць праваабаронцы, Дзяніс Красачка аштрафаваны на 25 базавых велічыняў (637,5 рубля), усе астатнія – на 50 базавых велічынь (1275 рублёў) кожны.

Леанід Кулакоў: Я на суд не пайшоў, не хачу ўдзельнічаць у такога кшталту пастаноўках. Я цалкам нязгодны з такім рашэннем, бо судзілі за тое, што не пагаджаўся з тым, як праводзяцца ў краіне выбары. Публічна выказаўся пра гэта. Атрымліваецца, што я павінен быў браць дазвол на пратэст у тых, супраць каго пратэставаў? Гэта нагадвае сітуацыю, калі б заяц прасіў дазвол у ваўка на пікет супраць таго, каб воўк яго не еў.

РР: Будзеце абскарджваць рашэнне раённага суда?

Леанід Кулакоў: Абскарджваць буду, хаця разумею, што справядлівасці не знайду. Але буду патрабаваць, каб штраф мне замянілі на адміністрацыйны арышт. У мяне такіх вялікіх грошай на аплату штрафаў няма. Дарэчы, 11 снежня будзе суд па нясплаце мною запазычанасцяў. Могуць закрыць выезд за мяжу і пазбавіць права на кіраванне аўтамабілем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя