Леанід Кулакоў прыгавораны да 10 сутак арышту
Апазіцыйны актывіст Леанід Кулакоў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне 23 сакавіка прыняў суд Першамайскага раёна Менска.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Кулакоў прызнаны вінаватым паводле арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Штраф вынесены за яго ўдзел у акцыі салідарнасці з заблакаваным рэсурсам „Хартыя’97” 13 сакавіка, калі некалькі чалавек выйшлі да парку Чалюскінцаў з расцяжкай „Свабоду „Хартыі’97”.
За гэтую ж акцыю 21 сакавіка да 10 сутак арышту быў прыгавораны актывіст Максім Вінярскі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у судзе Маскоўскага раёна сталіцы таксама 23 сакавіка ўжо адбыўся суд над апазыцыйным актывістам Яўгенам Афнагелем паводле артыкула аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Аднак яго вынікі пакуль не вядомыя.
Як паведаміла БелаПАН жонка Афнагеля Кацярына, Яўген быў затрыманы пасля пагроз сілавікоў штурмаваць дом, у якім яны жывуць.
На працягу дня гаварылася і пра верагоднасць арышту актывісткі Вольгі Нікалайчык. Яна паведамляла, што сабрала пакунак з неабходнымі рэчамі, бо ў дзверы яе дома ўвесь час грукаюць.
21 сакавіка таксама былі затрыманыя і змешчаныя ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна палітыкі Уладзімір Някляеў і Вячаслаў Сіўчык.
Затрыманыя на працягу некалькіх апошніх дзён палітыкі і актывісты з’яўляюцца прыхільнікамі правядзення ў Менску ў Дзень Волі забароненага шэсця з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
belapan.by