Леанід Судаленка: Будзем судзіцца за адмову рэгістрацыі „Пакта”
Беларускія праваабаронцы збіраюцца судзіцца з Міністэрствам юстыцыі. Прычына – адмова ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання „Пакт”. Як паведаміў гомельскі юрыст Леанід Судаленка, арганізацыя мелася абараняць інтарэсы грамадзян, якія перамаглі ў Камітэце ААН па правах чалавека.
– Будзем абскарджваць гэтую адмову ў Вярхоўным судзе. Але ж самае галоўнае, што кідаецца ў вочы, гэта нежаданне нашай краіны выконваць рашэнні Камітэта па правах чалавека, нежаданне нашай краіны клапаціцца пра свой імідж на міжнародным узроўні. Нягледзячы на тое, што такая аўтарытэтная міжнародная структура прызнала факты парушэння з боку дзяржавы правоў беларускіх грамадзян, наша краіна не спяшаецца выконваць гэтыя рашэнні.
У Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана звыш 160 скаргаў ад беларускіх грамадзян. На дадзены момант міжнародная структура палічыла абгрунтаванымі 62 скаргі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота by.prava-by.info