Леанід Судаленка: Да выбараў улады рызыкаваць не будуць
Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка распавёў пра тое, чаму зараз прыпынена стварэнне асацыяцыі па абароне правоў людзей, якія не занятыя ў эканоміцы.
Нагадаем, што з такой ініцыятывай выступіла гамяльчанка Марыя Тарасенка, якая дамаглася з дапамогай прафсаюза РЭП адмены выплаты “дармаедскага” падатка, пасля чаго вырашыла афіцыйна зарэгістраваць асацыяцыю па абароне людзей, якія патрапілі ў такую ж сітуацыю. Але пакуль гэты праект не рэалізаваны.
Леанід Судаленка: Дэкрэт аб “дармаедах” замарожаны да траўня наступнага году, таму і пытанне аб стварэнні асацыяцыі пакуль не стаіць на павестцы дня. Якая была ідэя? Каб у асацыяцыю ўваходзілі толькі тыя, каго ўлада ўнесла ў спісы “дармаедаў”. Сем чалавек да нас прыйшлі, але ўсе яны і былі выкрэслены ўладамі са спісаў “дармаедаў” на працягу года. Таму зараз нават няма з каго ствараць асацыяцыю. Улады пакуль не робяць рэзкіх рухаў. Але, як толькі такія рухі пачнуцца, мы аб’явім аб стварэнні арганізацыі.
РР: Перанос дзеяння дэкрэта на травень наступнага году – гэта невыпадкова?
Леанід Судаленка: Безумоўна. Улада разумее, што гэта вельмі непапулярная мера напярэдадні парламенцкіх выбараў, што ўжо адбыліся гэтай восенню, і прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у наступным годзе.
Асноўны ўдар па “дармаедах” прыйдзецца на восень наступнага года, калі трэба будзе плаціць вялізныя сумы за ацяпленне. Але да таго часу прэзідэнцкія выбары ўжо пройдуць. Да гэтага ўлады рызыкаваць не будуць, бо памятаюць пратэстныя акцыі 2017 году.
Адным словам, пакуль яны вырашылі на год адкласці гэтае пытанне, а далей ніхто не ведае, як складзецца сітуацыя. Магчыма, улады захочуць атрымаць крэдыт МВФ, а значыцца зробяць аплату “камуналкі” стоадсоткавай. І тады гэтая праблема камунальных падаткаў знікне сама па сабе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя