Леанід Судаленка: Дзяржава стварыла гета, падзяліўшы зняволеных на катэгорыі
Гомельскі абласны суд пакараў Ларысу Шчыракову 3,5 гадамі калоніі. Таксама ў былой журналісткі часткова канфіскавалі маёмасць. Пра надзвычай суворае пакаранне, пра тое, як у беларускіх калоніях абыходзяцца з „палітычнымі” распавядае праваабаронца Леанід Судаленка ў размове з Міколам Бянько.
РР: Спадар Леанід, як вы ацэньваеце жорсткасць прысуду Ларысе?
— Гэта вельмі жорсткі прысуд. Проста за тое, што яна журналістка, яе кідаюць у турму. Пагатоў, яна жанчына, што мае, гадуе непаўналетняе дзіця. І гэты хлопчык, што застаўся фактычна без маці, без бацькі. З кім ён застаўся, не ведаю, але ёсць пагроза, што дзяржава, на жаль, будуе нейкія планы на дзіця — адабраць у нейкі прытулак. Гэта вельмі жахліва. Я разумею Ларысу. Я цяпер актыўна вывучаю гісторыю 2020 года — падзея, што я прапусціў. Ларыса пісала пра тое, што да яе прыходзіў сын у турму. Я таксама там быў, да мяне прыходзілі блізкія, у іх вочы заўсёды былі мокрыя. Я ўяўляю стан Ларысы, якая разумее, што акрамя яе ў ейнага сына нікога няма. Я разумеў, што мой сын дагледжаны, калі я быў там, бо я маю жонку, старэйшых братоў, і ўсё адно я хваляваўся. А тут сітуацыя проста жахлівая.
РР: Спадар Леанід, вы самі нядаўна вызваліліся з калоніі, скажыце, што чакае Ларысу?
— Усе палітычныя, што заязджаюць у лагер праз, так званыя, „экстрэмісцкія“ артыкулы, маюць пільны нагляд з боку адміністрацыі, кантралёраў. Тое, што кантралёр не заўважыць у звычайнага крымінальніка, тое будуць заўсёды заўважаць у зняволеных, што носяць жоўтую бірку (усе „палітычныя“ яе носяць). Дзяржава стварыла тут нейкае гета, падзяліўшы ўсіх зняволеных на дзве катэгорыі: белыя біркі, жоўтыя біркі. „Палітычныя“ вымушаныя насіць жоўтую бірку, такі знак. І, зразумела, падвышаная ўвага да гэтай катэгорыі асуджаных. Нават праверкі: у звычайных асуджаных два разы — зранку і ўвечары; у „палітычных“ яшчэ плюс тры дадатковыя праверкі — прыходзяць кантралёры, робяць „пераклічку“. Шмат іншых ёсць абмежаванняў, што ствараюць дыскрымінацыю з палітычных прычынаў. Напрыклад, на першым ярусе было вольнае месца, а ўсе адно, усе людзі, што носяць жоўтую бірку, мусяць класціся на другі ярус, незалежна ад узросту. Я таксама скакаў па другіх ярусах, хаця першыя ярусы былі вольныя. Ну і ліставанне забароненае. Ніводны ліст да Ларысы не дойдзе, акрамя як ад родных. Я сам ніводны ліст не атрымаў.
РР: Як можна Ларысе дапамагчы?
— Першае, трэба паглядзець, з кім хлопчык ейны застаўся, ці добра яму. Хлопчыку трэба памагаць, і маральна, і матэрыяльна, у школу, напрыклад, дапамагчы сабрацца. Ну а Ларысе цяпер можна лісты пісаць, пакуль яна будзе на апеляцыі, яна будзе ў СІЗА.
Ларысу Шчыракову прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў: садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 ч. 1, арт. 361-4 ч. 2 КК РБ) і дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК РБ). Журналістку затрымалі пасля ператрусу ў доме 6 снежня 2022 года, а ейнага сына змясцілі ў сацыяльны прытулак, дзе ён прабыў больш за два тыдні. За некалькі месяцаў да арышту яна заявіла, што сыходзіць з прафесіі.
Беларускае Радыё Рацыя