Леанід Судаленка: Гэтая норма засталася яшчэ са сталінскіх часоў
Маці пакаранага смерцю дамагаецца інфармацыі пра месца пахавання яе сына. У Гомельскім абласным судзе разгледзелі касацыйную скаргу Вольгі Груновай на рашэнне суда Цэнтральнага раёну. У гэтых інстанцыях спасылаюцца на артыкул 175 Крымінальнага кодэксу, паводле якога «смяротнае пакаранне выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца». Як прыгадвае праваабаронца Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы Вольгі Груновай у судзе, гэтая заканадаўчая норма захавалася яшчэ са сталінскіх часоў:
– У сталінскія часы расстрэльвалі тысячамі і дзясяткамі тысячаў людзей, і тады б спатрэбілася вазіць труны праз усю краіну. Цяпер жа такой патрэбы не існуе. Вольга Грунова звярталася і ў Канстытуцыйны суд, і да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, і да прэзідэнта. Але, на жаль, усе кажуць пра тое, што гэтая норма не супярэчыць ні Канстытуцыі нашай краіны, ні міжнароднаму пакту, які забараняе вось такое жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне з грамадзянамі. Сваякі пакутуюць да канца сваіх дзён, не ведаючы, дзе пахаваны іх сын, не могуць прынесці кветкі на магілу. І Вольга Грунова, калі звярнулася да нас, менавіта так ставіла гэтае пытанне. Мы распачалі стратэгічную цяжбу, і паставілі пытанне пра тое, што трэба знішчыць гэтую норму заканадаўства, якая не дазваляе сваякам пахаваць пакаранага. Ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюзу цяпер прымяняецца мараторый на ўжыванне смяротнага пакарання. У тым ліку і ва Узбекістане, які далучыўся апошнім да гэтага мараторыя.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. У ЗША, дзе ў некаторых штатах існуе практыка смяротнага пакарання, целы расстраляных выдаюцца сваякам – адзначае праваабаронца.
Прыгадаем, што ў кастрычніку мінулага году быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Грунова, асуджанага за забойства з асаблівай жорсткасцю знаёмай дзяўчыны. Яго маці хоча ведаць месца пахавання сына.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя