Леанід Судаленка: Народ выпрабоўваюць паэтапна



Прававы інспектар прафсаюза РЭП пракаментаваў новы падатак для “дармаедаў”.

З 1 кастрычніка плату за ацяпленне будуць налічваць па поўным тарыфе грамадзянам, якія не занятыя ў эканоміцы. Акрамя ацяплення, па поўных тарыфах з гэтага часу будуць лічыць і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў (катлоў).

З лютага гэтым самым грамадзянам па поўным тарыфе лічылі паслугу па падагрэве вады.

Леанід Судаленка: Гэта будзе жорсткі ўдар па тых, каго называюць “дармаедамі”. Напрыклад, гамяльчанка Марыя Тарасенка, якая судзілася з уладамі, каб яе выключылі са спіса незанятых у эканоміцы, і дамаглася свайго, павінна была плаціць за падагрэў вады ў пяць разоў больш. Зараз нагрузка будзе ў разы большая. Мяркую, ні адзін сямейны бюджэт такой нагрузкі не вытрымае.

Але я не разумею, чаму ў сямейныя справы ўмешваецца дзяржава? Напрыклад, тая ж Марыя Тарасенка не працавала, бо сям’ю ўтрымліваў муж? Што ў гэтым крымінальнага? Але дзяржава кажа: вы будзеце жыць па нашых правілах.

РР: Па Канстытуцыі праца з’яўляецца правам, а не абавязкам…

Леанід Судаленка: У нас многія палажэнні Канстытуцыі не выконваюцца. Што датычыцца таго, што ўлады хочуць прымусіць людзей працаваць, бо яны як быццам не занятыя ў эканоміцы краіны, то гэта поўнае глупства. Казаў і яшчэ раз паўтараю: калі чалавек купляе тавары ў магазіне, карыстаецца паслугамі, то ён ужо плаціць падатак. Таму ўлада блефуе, калі кажа, што прымушае людзей працаваць, каб яны плацілі падаткі. Іх плацяць усе спажыўцы, незалежна ад таго, працуюць яны альбо не.

РР: Зараз улады спрабуюць спагнаць падатак з “дармаедаў” больш гнутка, ці не так?

Леанід Судаленка: Безумоўна. Калі ў 2017 годзе яны, што называецца, ударылі ў лоб, пасля чаго пачалася хваля пратэстаў па ўсёй краіне, то зараз народ вырашылі выпрабоўваць паэтапна.

Спачатку ўвялі норму, што незанятыя ў эканоміцы будуць плаціць па поўным тарыфе за гарачую ваду. Паглядзелі, што людзі маўчаць, перайшлі да другога этапу – поўнай аплаты за ацяпленне і газ.

І яшчэ я заўважыў, што звычайна людзей, якія звяртаюцца ў камісіі і просяць вызваліць іх ад такога падатку, выключаюць са спісаў “дармаедаў”. Магчыма, якраз для таго, каб не нараджаліся пратэстныя настроі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя