Леанід Судаленка: Новая рэдакцыя Працоўнага кодэкса горшая за ранейшую
29 студзеня ў Беларусі ўступае ў сілу адноўлены Працоўны кодэкс. Паводле меркаванняў незалежных экспертаў, новая рэдакцыя Працоўнага кодэкса ў цэлым пагаршае прававое становішча наёмных работнікаў.
Прававы інспектар незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка канстатуе, што новы нарматыўны акт супярэчыць міжнародным стандартам у сферы працоўных дачыненняў:
– Усе тыя нормы часовых дэкрэтаў прэзідэнта, яны перакачавалі ў працоўны кодэкс і тыя нормы, якія ў значнай ступені пагаршаюць прававое становішча людзей, якія працуюць па найму. Сярод адмоўных я б яшчэ сказаў тое, што зараз наймальнікі, у сувязі з тым, што, напрыклад, спыняецца вытворчасць, няма заказаў, і наймальнік мае права перадаць работніка другому наймальніку, прычым без згоды, тэрмінам да 6 месяцаў.
Беларусь з года ў год трапляе ў “чорныя спісы” парушальнікаў правоў працоўных, якія складаюцца міжнароднымі арганізацыямі. У 2019 годзе Беларусь, паводле рэйтынга Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, была аднесеная да групы краінаў, у якіх не гарантуецца забеспячэнне правоў працоўных. Акрамя гэтага, у справаздачы МКП асобна прапісвалася, што “ўлады працягвалі рэпрэсаваць незалежныя прафсаюзы, пераследаваць прафсаюзных лідараў у судовым парадку па сфабрыкаваных абвінавачаннях”.
Беларускае Радыё Рацыя