Леанід Судаленка: Плануем зарэгістраваць асацыяцыю “Мы не дармаеды”
Юрыст прафсаюза РЭП Ленаід Судаленка распавядае пра тое, чаму “дармаедам” трэба яднацца.
Леанід Судаленка: Гамяльчанка Марыя Тарасенка, якая да нядаўняга часу лічылася “дармаедкай”, але затым яе выключылі з гэтага спіса, падала заяўкі на правядзенне 25 акцый у рэгіёне, але палове заявак ужо адмоўлена. Дык вось падчас сустрэч з людзьмі на гэтых акцыях мы і планавалі прыцягнуць на свой бок “дармаедаў”.
Ідэя такая – стварыць арганізацыю, куды б ўвайшлі тыя, каго ўлада назвала “дармаедамі”. Хаця б дзесяць такіх чалавек назбіраем, пасля чаго будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю асацыяцыі з гучнай назвай “Мы не дармаеды”. Думаю, за лета ўдасца вырашыць усе арганізацыйныя моманты.
РР: Чым будзе займацца асацыяцыя?
Леанід Судаленка: Будзем змагацца за поўную адмену дэкрэта аб “дармаедах”, аказваць інфармацыйна-кансультацыйныя паслугі, юрыдычную дапамогу людзям, якіх улада ўнесла ў чорны спіс. Напрыклад, чалавек даведваецца, што ён патрапіў у спіс “дармаедаў”, пасля гэтага звяртаецца ў нашу асацыяцыю і атрымлівае ўвесь комплекс паслуг.
Пакуль “дармаеды” плацяць па падвышаных тарыфах толькі за падагрэў вады, але з 1 кастрычніка пачнуць вылічваць і за газ, і за цеплазабеспячэнне. Мяркую, незадаволеных будзе шмат, калі людзі пачнуць плаціць за камуналку ў пяць разоў больш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя