Леанід Судаленка: Праваабарона – сэнс майго жыцця



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка сумняецца ў тым, што прычынай серыі ператрусаў у Гомелі, якія прайшлі 5 студзеня, з’яўляецца крымінальная справа ў адносінах да апазіцыйнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых. У самога праваабаронцы былі канфіскаваныя лічбавыя носьбіты, дакументы і банкаўскія карткі.

Нягледзячы на пераслед, Леанід Судаленка не збіраецца спыняць праваабарончай дзейнасці:

– Праваабаронай займаюся 20 гадоў, яна стала сэнсам майго жыцця, іншага я для сябе не бачу. Магчыма, калі ўлада зменіцца, я буду блізка да праваабароны і атрымаю ліцэнзію адваката, буду працаваць адвакатам. Мне ніякія пасады не трэба, я – музыкант і граю сам па сабе, я ніколі не буду бегчы за пасадамі, мяне задавальняе мая праца. Я ў суботу і ў нядзелю прыходжу на працу  як на свята, я жыву працай. Пакуль я буду на волі, ад праваабароны я не адмоўлюся.

5 студзеня ў Гомелі супрацоўнікі сілавых структур правялі ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі ў шэрагу актывістаў, звязаных з дзейнасцю грамадска-палітычнага цэнтра па вуліцы Палеская, 52. Акрамя аператыўных дзеянняў у апазіцыйным офісе, ператрусы прайшлі на кватэры ў Васіля Палякова, Мікалая Новікава, Таццяны Ласіцы і ў Леаніда Судаленкі

Беларускае Радыё Рацыя