Леанід Судаленка шосты раз абскардзіў сваё ўтрыманне пад вартай



Тэрмін утрымання пад вартай гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку працягнулі да 22 верасня. Суд над ім пачнецца 3 верасня.

Праваабаронцу вінавацяць у «арганізацыі і фінансаванні масавых беспарадкаў». Маецца на ўвазе дапамога жыхарам рэгіёну ў аплаце штрафаў, заклік у сацыяльных сетках дапамагчы шматдзетнай маці з закупкай дроў на зіму, прапанова ў «Фэйсбуку» сустрэць жыхарку Гомеля з ізалятару.

У адным з лістоў Судаленка напісаў, што ўжо шосты раз абскардзіў падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай, бо лічыць такую меру стрымання ў дачыненні да яго незаконнай. Ён патлумачыў у скарзе ў суд і лісце, што ён грамадзянін Беларусі, мае сталае месца жыхарства, працу і стабільны даход, кармілец шматдзетнай сям’і (у яго чацвёра сыноў, малодшаму 12 гадоў), не мае судзімасцяў, мае сур’ёзнае захворванне, якое патрабуе штодзённага кантролю, дыеты і прыняцця лекаў. Пасля арышту праваабаронцы восем чалавек звярнуліся ў Следчы камітэт з асабістым паручыцельствам за Судаленку. Ён просіць суд змяніць меру стрымання на не злучаную з утрыманнем пад вартай.

Беларускае Радыё Рацыя