Праваабаронца: Трэба зрабіць усё, каб такая трагедыя не паўтарылася
Прысуд у справе гібелі на бульбе 13-гадовай Вікі Папчэні. Суд Маладзечанскага раёна прызнаў двух настаўніц вінаватымі ў неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць васьмікласніцы. Настаўнікаў прыгаварылі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і да штрафаў у 100 базавых велічынь. Асуджаныя таксама на два гады пазбаўленыя права выконваць працу, звязаную з бяспекай дзяцей.
Прысуд каментуе праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў бацькам загінулай дзяўчынкі ў судах:
– Бацькі прабачылі кіроўца, якога пакаралі прыканцы мінулага года. Бацькі таксама прабачылі і настаўнікаў. Яны не заяўлялі ніякіх прэтэнзій да настаўніц, у тым ліку ніякай маральнай шкоды не патрабавалі. Настаўніц прыгаварылі да двух гадоў “хатняй хіміі”. Але трэба пасля гэтага выпадку зрабіць усё, каб у нашай краіне падобная трагедыя, звязаная з прымусовай працай, не паўтарылася.
Летась, 29 верасня, падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 класа Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік. Кіроўцу Паўлу Цыбіну раней прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя