Леанід Судаленка: Закон павінен быць адзін і для дырэктара, і для кіраўніка краіны
Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка распавёў, чаму ён прапанаваў абарону звольненаму дырэктару школы ў Гомелі, а таксама прааналізававаў прававы бок гэтых звальненняў.
Нагадаем, што пасля таго, як у Інтэрнэце з’явілася відэа таго, як настаўніца адной з гомельскіх школ лаецца на вучня, яна была звольненая.
Але затым справа набыла нечаканы паварот. Аляксандр Лукашэнка асабіста загадаў вярнуць на працу звольненую настаўніцу, а некаторыя чыноўнікі ад адукацыі і дырэктар школы, дзе адбыўся інцыдэнт, наадварот былі звольнены.
Праўда, праз нейкі час дырэктар была працаўладкавана, яна будзе працаваць намеснікам дырэктара СШ №65 Гомеля.
Леанід Судаленка: Я насамрэч прапанаваў звольненаму дырэктару школы сваю абарону, але, як вядома, яна не звярталася да мяне, а затым і наогул працаўладкавалася ў іншым месцы. У яе ж было не звальненне з адлучэннем ад прафесіі, проста чалавек згубіў пасаду ў канкрэтным месцы.
РР: Як наогул вы ацэньваеце гэтую сітуацыю са звальненнямі педагогаў?
Леанід Судаленка: Я перакананы, што гэта не справа кіраўніка дзяржавы ўмешвацца ў такія справы. Наймальнікам, як настаўніка так і дырэктара школы, з’яўляецца раённы аддзел адукацыі.
Калі дзейнічаць законнымі метадамі, то настаўніка за лаянку павінны былі адхіліць ад працы і правесці службовае расследванне, каб высвятліць правільнасць (няправільнасць) дзеянняў і педагога, і вучня. Кіраўнік краіны аднавіў яе на працы, але думаеце, лёгка ёй зараз давядзецца ў псіхалагічным плане?
Што датычыцца звальнення дырэктара школы, то гэта таксама незаконна. Калі прэзідэнт прапануе нам жыць “па паняццях”, то я так жыць не хачу. Я хачу, каб закон быў для ўсіх адзін. І для настаўнікаў, і для дырэктара школы, і для кіраўніка дзяржавы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя