Леанід Свецік: Адказалі, што захадаў супраць каронавіруса дастаткова
12 сакавіка віцебскі праваабаронца звярнуўся ў гарвыканкам з патрабаваннем закрыць на каранцін навучальныя ўстановы, забараніць масавыя культурніцкія і спартовыя імпрэзы, праводзіць тлумачальную працу з гараджанамі і даводзіць да іх рэальныя звесткі пра сітуацыю з каронавірусам.
Аднак у адказе за подпісам намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Глушына гаворыцца, што ўсе прапанаваныя захады – залішнія. Чыноўнік пералічыў, што ў горадзе ўзмоцнены дэзінфекцыйны рэжым, праводзіцца санітарна-каранцінны кантроль тых, хто прыязджае з-за мяжы, што ў горадзе адмянілі ўсе імпрэзы з удзелам замежных студэнтаў. А з 30 сакавіка ў навучэнцаў сярэдніх школ і так пачынаюцца вясновыя вакацыі.
Праваабаронца расчараваны такім адказам гарадскіх уладаў. Навучальны працэс у віцебскіх школах ужо і так ператварыўся ў фікцыю: многія бацькі самі не пускаюць дзяцей на заняткі, і ў класе адсутнічае ад паловы і болей вучняў. Віцебскія лякарні запоўнены хворымі, пад палаты пераабсталёўваюць кабінеты ў паліклініках, але насельніцтва пераконваюць у тым, што гэта наступ пнеўманіі і “сезонных захворванняў”. „Дэталізаваная інфармацыя пра колькасць людзей, якія пацярпелі ад каронавірусу ў Віцебску, па-ранейшаму нідзе не паведмаляецца. І адсутнасць уяўлення пра рэальную сітуацыю спараджае чуткі і панічныя настроі”, – кажа Леанід Свецік.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск