Леанід Свецік: Пытанне з каранцінам засталося без адказу



На мінулым тыдні віцебскі праваабаронца звярнуўся з электронным лістом да мясцовых чыноўнікаў праз сайт Віцебскага гарвыканкаму.

У сувязі з распаўсюдам каронавірусу Леанід Свецік прапанаваў неадкладна правесці каранцінныя захады ў навучальных установах – спыніць заняткі ў школах, адмовіцца ад практыкі ўдзелу школьнікаў у любога кшталту афіцыйных мерапрыемствах, а таксама забараніць правядзенне ў горадзе масавых забаўляльных і культурніцкіх імпрэзаў. Адказу на зварот яшчэ няма, кажа праваабаронца:

– Калі б улады ў Віцебску былі свядомыя, то яны адказалі б мне на наступны дзень! Але ж, напэўна, напішуць, што я ўмяшаўся ў іх кампетэнцыі, і я маркую, што раней як праз 15 дзён мне не адкажуць. А то і праз месяц. Няма палітычнай волі ва ўладаў зрабіць такім чынам, каб сур’ёзна паставіцца да той сітуацыі, якая паўстала ў Віцебску.

Менавіта ў Віцебску былі зафіксаваныя першыя выпадкі хваробы – пасля візіту ў Мілан кіраўніцтва і работнікаў мясцовых прадпрыемстваў абутковай галіны. Доўгі час прыхоўвалася інфармацыя, што ў лякарні знаходзіцца заснавальнік прадпрыемства “Марка” Мікалай Мартынаў – аж пакуль па горадзе не папаўзлі чуткі пра ягоную смерць ад каронавірусу.

З сённяшняга дня абвешчаны каранцін на  ААТ “Чырвоны кастрычнік”, каранцінныя абмежаванні ўведзены на абутковым прадпрыемстве “Белвест”. Між тым, афіцыйных паведамленняў пра каранцінныя захады ў дзяржаўных СМІ не было, як па-ранейшаму няма афіцыйнай інфармацыі пра колькасць хворых на каронавірус у Віцебску.  Адсутнасць адкрытай і поўнай інфармацыі спараджае чуткі і можа прывесці да некантраляванай панікі, лічыць праваабаронца Леанід Свецік.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск