Леанід Свецік: У нас усе пікеты — пад забаронай



Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік падаў заяўку на пікет «Не – смяротнаму пакаранню», але не верыць, што яму дадуць дазвол.

Традыцыйна з 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. На гэты раз праваабаронцы і прыхільнікі адмены смяротнага пакарання маюць намер прыцягнуць увагу грамадскасці да ўмоў утрымання зняволеных у камерах смяротнікаў.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Леанід Свецік: Я падаў заяўку на правядзенне акцыі 12 кастрычніка ў тым месцы, які адмыслова вызначанай гарвыканкамам пад масавыя мерапрыемствы. Тэма адмены смяротнага пакарання ў краіне — вельмі важная, таму і вырашылі публічна адзначыць у горадзе Сусветны дзень супраць смяротнай кары.

Дарэчы, у апошнія гады я пастаянна ад імя праваабаронцаў падаю такія заяўкі, і нам пастаянна адмаўляюць у правядзенні акцыі. З 2009 года ў Віцебску наогул не было дазволена ніводнага пікета. Толькі падчас выбарчых кампаній у гэтым плане назіраецца пэўная лібералізацыя.

РР: Зараз таксама не варта чакаць дазволу?

Леанід Свецік: Мяркую, што так, але ў Віцебску ў рамках Тыдня супраць смяротнага пакарання будуць праходзіць і іншыя мерапрыемствы.

РР: На што спасылаюцца мясцовыя ўлады, калі адмаўляюць у правядзенні пікета?

Леанід Свецік: Таму, што мы, маўляў, не прадстаўляем дамовы з міліцыяй, Хуткай дапамогай і ЖКГ на абслугоўванне масавага мерапрыемства. Але навошта мне заключаць дамову і аплачваць паслугі, калі яшчэ невядома, ці дазволяць пікет?

Такім чынам улады фактычна ставяць воз наперадзе каня. Аплачвайце тое, што яшчэ не дазволена. На наступным тыдні нам павінны даць адказ на заяўку, але, думаю, сюрпрызаў не будзе. У нас ж ўсе пікеты – пад забаронай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ПЦ „Вясна”