Леаніда Кулакова міліцыя адвезла ў пастарунак, Вольга Нікалайчык збірае торбу
Як паспеў паведаміць ПЦ „Вясна” сам актывіст Леанід Кулакоў, у каля 12 гадзін міліцыя ўварвалася да яго ў хату, пасля таго, як ён пад пагрозамі быў вымушаны адчыніць ім дзверы.
Капітан міліцыі Васіль Дзегцяроў паведаміў яму, што ён павінен праехаць з імі ў РУУС Першамайскага раёна, бо яшчэ 19 сакавіка адбыўся суд па адміністрацыйнай справе супраць яго. Цяпер узнікла рэзкая неабходнасць азнаёміць Леаніда Кулакова з рашэннем суда.
Сувязь з актывістам перарвалася.
Міліцыя грукае ў дзверы і вокны дома актывісткі Вольгі Нікалайчык. Жанчына збірае неабходныя рэчы, якія спатрэбяцца ён на сутках. Плануе адчыніць дзверы міліцыі. Верагодна, яе затрымаюць.
Раней актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў атрымаў SMS-паведамленне з суда Першамайскага раёна Менска аб прызначэнні судовага паседжання па адміністрацыйнай справе.
Ён мяркуе, што пратакол па арт 23.34 КаАП мог быць складзены за ўдзел у акцыі салідарнасці з заблакаваным рэсурсам „Хартыя’97”, калі некалькі чалавек вывесілі ля парка Чалюскінцаў расцяжку з надпісам „Свабоду Хартыі’97”. Суд прызначаны на 9:30 30 сакавіка.
У той жа час трэція суткі каля пад’езда Леаніда Кулакова ў аўтамабілі дзяжураць, перыядычна мяняючыся, супрацоўнікі міліцыі. Такое ж “паляванне” адбываецца каля дома журналісткі Вольгі Нікалайчык, якая фактычна заблакаваная па месцы жыхарства.
“Калі мяне будуць судзіць 30 сакавіка, то незразумела, навошта яны зараз учынілі на мяне паляванне”, – паведамляе праваабаронцам Кулакоў.