Леаніда Судаленку пакінулі пад вартай і перавялі ў СІЗА



Праз 72 гадзіны пасля затрымання праваабаронца Леанід Судаленка не выйшаў на свабоду. Яго пакінулі пад вартай яшчэ на 10 сутак і перавялі ў СІЗА, паведамляе «Гомельская вясна».

Нагадаем, Леаніда Судаленку затрымалі раніцай 18 студзеня па дарозе ў офіс і адвезлі ў СК. Ён падазраваны па арт. 342 (фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

За два тыдні да затрымання ў Судаленкі прайшлі ператрусы — дома і на Палескай, 52, дзе знаходзіцца офіс Гомельскага грамадска-палітычнага цэнтра. Былі канфіскаваныя тэхніка, БЧБ-сцягі, а таксама дакументы, якія тычацца дзейнасці праваабаронцы.

Позна ўвечары 18 студзеня была затрыманая і памочніца Судаленкі Марыя Тарасенка.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Судаленку і Тарасенка палітвязнямі і патрабуюць іх вызвалення.

tut.by