Легендарны “Палескі ярмарак” у Пінску



Такога гандлю, які адбываўся ў Пінску ў першай палове ХХ стагоддзя, не было на беларускіх землях. Ды што казаць за Беларусь, калі вядомая амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд пабачыла на ўласныя вочы палескі ярмарак, то занатавала: “Я была на рынках у многіх краінах свету, але нідзе не бачыла такога, адзінага ў сваім родзе, захапляльнага відовішча, як пінскі кірмаш”. Палескі ярмарак – гэта вялікае свята, на жаль, страчанае.

Тым не менш, мы маем магчымасць дзякуючы “палескаму дзённіку”, фотаздымкам Луізы Арнер Бойд ды ўспамінам сведкаў трапіць у той час. Паглядзець, што ж гэта за падзея – гандаль над Пінай.

У сакавіку 1936 года, роўна 80 год таму, у Пінску пачалася падрыхтоўка да кірмаша на наступны сезон. Мясцовыя ўлады пры падтрымцы ваяводскага цэнтра ды Варшавы ўзялі штогадовыя ярмаркі пад дзяржаўны патранаж. Адным словам, зразумелі, што маюць рэальны брэнд усяго палескага краю. Увогуле, трэба ўсвядоміць, што з сярэдзіны 1930-х гадоў пачынаецца ўздым Палесся. Рэгіён актыўна развівае турызм, ладзяцца гісторыка-культурніцкія мерапрыемствы, павольна, але пачынаецца меліярацыя. Палессе выводзілі на новы ўзровень. Так, у Пінску запланавалі стварыць адмысловы будынак пад музей і гарадскую адміністрацыю. Сапраўды, Палессе было самым эканамічна адсталым ваяводствам, але затое мела ўнікальную прыроду, традыцыі, лад жыцця. Стаўку зрабілі на станоўчыя моманты, якія маглі выцягнуць рэгіён. З сённяшняга пункту гледжання добры менеджарскі разлік.

Канешне, прамысловасць не спісвалі з рахункаў. Для паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча прымаліся меры. Перш за ўсё стварылі Дэпартамент па меліярацыі Палесся. Асушвалі тыя тэрыторыі, дзе неабходна пракласці камунікацыі альбо пабудаваць прадпрыемства.

Да 1936 года кірмашы ў Пінску ладзіліся па некалькі разоў на год і цягнуліся да 2 тыдняў. Вельмі часта ўсё называлі “водным гандлем”, бо свой тавар сяляне рэалізоўвалі не выходзячы з лодак. Сведкі ўзгадваюць, што Піны не было відаць, адныя толькі лодкі і людзі ходзяць па іх і ў іх жа ночаць. Гэта пры тым, што ўся рынкавая плошча за калегіумам езуітаў і перад касцёлам святога Станіслава напаўнялася падводамі. Тавар розны. Акрамя таго, працавалі вядомыя пінскія гандлёвыя рады. Іх знішчылі ў пачатку 1960-х гадоў.

Каб зразумець, які быў кірмаш у эканамічным сэнсе, звернемся да дадзеных 1906 года. Дык вось, тавару навезлі на 50 тысяч царскіх рублёў, а прадалі на 37 тысяч рублёў. Сумы неверагодныя, бо, напрыклад, кілаграм свініны каштаваў усяго 35-45 капеек.

Kirmasz1Пінск. Рынак. Гандаль ганчарнымі вырабамі. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Улады новым месцам правядзення кірмашу выбралі Ляшчынскі сквер – цяпер тут гарадскі парк культуры і адпачынку. Грошай на будаўніцтва шапікаў, крамаў, рэстаранаў не шкадавалі. Усіх удзельнікаў сустракала вялікая скульптура “Паляшук з вяслом”, а ў цэнтры помнік Пілсудскаму. На галоўнай алеі зрабілі стэнды па гісторыі Палесся. Усё падзялілі на сектары: павільёны сувязі, прамысловасці, адукацыі, культуры і інш. Працавалі майстэрні: дыванаткацкая, гарбарная ды мэблевая. Кожнага палешука цікавіў шалаш з рознымі рыбалоўнымі прыладамі. Іншаземец, трапіўшы на пінскі кірмаш, мог даведацца ўсё пра Палессе, традыцыі і норавы жыхароў балотнай краіны.

Kirmasz2Пінск. Невялікія крамы ў гандлёвых радах. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Народныя спевы чаргаваліся з выступам хору Пінскай дзяржаўнай гімназіі, аматарскага сімфанічнага аркестра ды вясковых школьных калектываў. У канцэртнай праграме таксама было прадстаўленне “Палескае вяселле”, свята “Дажынкі” і абрад “Праводзіны нявесты”.

Палескі ярмарак пачынаўся 22 жніўня і завяршаўся 5 верасня. У 1939 годзе, калі нацысты ўварваліся ў Польшчу, кірмаш над Пінай падыходзіў да заканчэння і людзі раз’язджаліся з сумнай навінай, не ведаючы, што больш яны не збяруцца на гандлёвае свята.

Kirmasz3Пінск. Мост праз Піну. Заканчэнне кірмашу. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Вельмі цікава, пад якім уражаннем знаходзілася сусветна вядомая амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд, пабываўшы на пінскім гандлі:

(…) Надзвычайным кантрастам уразіла сцэна 3 кастрычніка…. Я была на рынках у многіх краінах свету, але нідзе не бачыла такога, адзінага ў сваім родзе, захапляльнага відовішча, як пінскі кірмаш. Гэта месца, дзе насельніцтва, якое пражывае ў радыусе некалькіх кіламетраў, сустракаецца, каб прадаць свае вырабы, павітаць адзін аднаго і разам выпіць гарбаты, піва ці выгнанай з бульбы гарэлкі ў невялічкіх шынках. Дзень кірмашу, на самой справе, сапраўдны святочны дзень.

Kirmasz4Пінск. Рынак у дні кірмашу. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

За некалькі дзён да гэтага прыбываюць лодкі з таварамі. Рака поўніцца новым жыццём. Шмат людзей прыплывае за 15-20 кіламетраў. Усё, што можа быць дастаўлена па вадзе, транспартуецца па Піне да прычала, размешчанага каля паўднёвага боку касцёла езуітаў. Многія з тых, хто прыплывае на лодках, начуюць прама ў іх;  тыя, хто трапіў сюды па сушы, гэтак жа выкарыстоўваюць свае вазы.

У 7 гадзін раніцы гандаль у самым разгары. Як кірмашы ва ўсім свеце, так і пінскі рынак, падзелены на часткі. Пад паўночнай сцяной касцёла стаяць вазы з драўнінай: бярозавы брус, які выкарыстоўваецца для вагонаў, піламатэрыялы, дрэва для вытворчасці гонты, жэрдкі і дровы. Побач – прадукцыя з дрэва.

Kirmasz5Пінск. Рынак. Гандлёвыя рады перад касцёлам Св. Станіслава кляштара езуітаў. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Каля заходняй сцяны: хатнія птушкі, гародніна, садавіна – яблыкі, грушы, крыху вінаграда і бананаў. Вуліца ўздоўж заходняга боку касцёла была прызначана для вазоў з сенам, балотнай травой і чаротам. Пры продажу сена яго ўзважвае спецыяльна прызначаны вагаўшчык. Гружаныя сенам вазы з’язджаюць з пагорка, возчыкі лаюцца і праклінаюць адзін аднаго з-за найменшага дотыку да іх воза. Праехаць проста немагчыма. Я налічыла каля 300 вазоў.

Берагавая лінія з паўднёвага боку касцёла запоўнена ўсім тым, што прывозілася на лодках. Рыба прадавалася проста з лодак і была нанізана на шнуры. Увесь вольны прастор быў заняты лодкамі, выцягнутымі на бераг, лодкамі ўсіх тыпаў, напоўненымі рознымі прадуктамі. Уздоўж ракі праходзіць асноўная дарога, па якой большасць вазоў трапляла на рынак. Усходні бок, дзе на продаж былі выстаўленыя ўсе іншыя тавары, быў месцам ўсеагульнага гармідару.

Kirmasz6Пінск. Рынак. Удзельнікі кірмашу. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Коні пераважна старыя і худыя, са зношанай збруяй. Драўляныя дугі – гэта звычайная справа. Мне сказалі, што палешукі аддаюць перавагу ім, а не дышлам, раменным шлеям і вяровачнай вупражы, якая выкарыстоўваецца ў іншых месцах Польшчы. Гаспадары прывозяць на рынак поўныя вазы гусей. Гусі са звязанымі лапамі, каб не збеглі, ляжаць дзясяткамі на праходзе. З курамі абыходзіліся такім самым чынам альбо трымалі іх у прымітыўных драцяных клетках. Вялікія белыя свінні, што ляжаць звязаныя на вазах, –характэрнае відовішча. Цялят прывозяць і трымаюць такім жа чынам. Жывых авечак гаспадары прыносяць на сваіх плячах.

Ядомыя грыбы, якіх вялікае мноства ў лясах паўночна-ўсходняй Польшчы, прадаюцца ў лазовых кошыках альбо нанізанымі на шнуркі, нібы часнык. У вялікай колькасці на рынку прадаюць яйкі і бульбу.

Kirmasz7Пінск. Гандаль над Пінай. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Тут можна сустрэць сялян рознага дастатку і тыпажу. Адзенне, як правіла, вельмі падобнае. Большасць мужчын носіць даматканыя ільняныя альбо ваўняныя нагавіцы. Некаторыя  –  ходзяць боса; іншыя носяць лапці з лыкавай кары, намотваючы на ногі анучы замест шкарпэтак (нідзе не бачыла жанчын, якія б вязалі шкарпэткі ці панчохі). Найбольш заможныя носяць скураныя боты, якія таксама прадаюцца на рынку. Шапкі – пераважна валеныя з воўны альбо сшытыя з чорнай аўчыны.

Kirmasz8Пінск. Палескі рыбак і кабета на рынку. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Жанчыны звычайна апранаюцца ў вопратку, сшытую са зрэбнай тканіны альбо з набытага ў Пінску баваўнянага матэрыялу яркіх расфарбовак ці зусім цёмнага, аднакаляровага. Многія з іх носяць прыгожыя хусткі. Часта сустракаюцца ільняныя даматканыя фартухі. Некаторыя жанчыны ходзяць басанож, другія носяць лапці, іншыя – доўгія да калена скураныя боты, альбо высокія чаравікі. Гэтак жа, як і мужчыны, яны зграбныя, прастадушныя і прыязныя.

Kirmasz9Пінск. Парася чакае новага гаспадара. 1934 год. Фота Луіза Арнер Бойд.

Можна сказаць, што пінскі рынак адлюстроўвае лад жыцця на балотах, а гораду надае значэнне бясспрэчнай сталіцы гэтага краю. Варта памятаць, што Пінск раней служыў месцам тавараабмену як для больш значных, так і для меншых тэрыторый… Да часоў паўстання 1863 года  ягоныя вялікія кірмашы наведвалі купцы з Кіева, Вільні, Варшавы.

Палескі ярмарак у Пінску пакінуў яскравы след у гісторыі. І хто яго ведае, што нас там чакае. Можа, калі-небудзь нехта захоча адрадзіць гандлёвае свята на беразе Піны, разумеючы, які гэта брэнд для ўсяго Палесся.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фотаздымкі з альбома “Палессе Луізы Бойд”, выдадзенага Інфармацыйна-асветніцкай установай “Інстытуцыйнага развіцця” ў рамках праекта “Шляхамі экспедыцыі Луізы Арнер Бойд. Да 80-годдзя легендарнай экспедыцыі амерыканкі”, падтрыманага Пасольствам ЗША ў Беларусі.