Легенды і паданні ў працах разьбяроў



Міжнародны пленэр разьбяроў па дрэве „Вобразы народных майстроў”, што праходзіў недалёка ад Гародні, у маёнтку Каробчыцы, прысвяцілі легендам і паданням Літвы, Латвіі і Беларусі. 12 прац, што зрабілі майстры, упрыгожаць пляцоўку гарадзенскага цэнтра рамёстваў, што ў хуткім часе з’явіцца ў Гародні на вуліцы Рэйманта. Гэты пленэр адбываўся ў рамках  транспамежнага праекта „Адраджэнне і захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны ў Гародні і Даўгаўпілсе”, праграмы супрацы Літва – Латвія – Беларусь.

Пра сустрэчу распавядае камісар выставы, гарадзенскі разбяр Мікалай Скляр:

–   Пленэр прайшоў у сяброўскай атмасферы і ўзаемаразуменні. У прынцыпе, усё было добра, усе справіліся са сваім заданнем. Ну а што тычыцца маёй працы, то ёсць такая легенда, што калісьці частка Беларусі была пад вадой. І гэтую лужыну называлі мора Герадот, якое насялялі розныя вадаплаваючыя істоты, падобныя да дыназаўраў.

Апроч легендаў, майстры стварылі і народныя вобразы: дзяўчына з хлебам, якая размесціцца на ўваходзе цэнтра рамёстваў, а таксама ткачыха і каваль, вырабленыя  з дрэва беларускімі майстрамі  Ірынай Кушнерук і Валянцінам Багдзевічам, якія стануць упрыгожваннем падворка цэнтра.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава