Лекары папярэджваюць беларускіх турыстаў
Для беларускіх турыстаў, якія сёлета збіраюцца адпачнуць у замежжы, Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі падрыхтаваў спіс краін, дзе ёсць пагроза атрымання цяжкіх інфекцый.
Пераважна гаворка вядзецца пра краіны Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амерыкі, дзе складаная сітуацыя з чумой, ліхаманкай ды халерай. Датычна еўрапейскага рэгіёна, то ў медыкаў з-за эпідэмій адзёру турботу выклікае Украіна, куды едзе адпачываць найбольш грамадзян.
„Каб засцерагчыся ад праблем варта прайсці вакцынацыю”, – адзначае лекар-інфекцыяніст Марыя Лазюк:
– Падышлі да ўчастковага тэрапеўта, вам зрабілі пазнаку, што вы здаровы, падыдзеце ў працэдурны кабінет і вы атрымаеце прышчэпку ад адзёру. Гэта вас абароніць ад такога сур’ёзнага захворвання, як адзёр. Пажадана гэта рабіць канешне як мінімум за дзесяць дзён, ну за два-тры тыдні да выезду.
Дадатковую інфармацыю, кожны грамадзянін, які збіраецца на адпачынак, можа атрымаць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі або ў абласным ці гарадскім філіяле ўстановы.
Беларускае Радыё Рацыя