Лекцыі на ўсіх факультэтах БДУ пераносяцца з-за каронавіруса



У Беларускім дзяржаўным універсітэце прынятае рашэнне пра перанос лекцыйных курсаў для усіх факультэтаў на больш позні тэрмін, паведаміла прэс-служба ВНУ.

Гаворка не ідзе аб пераводзе на дыстанцыйнае навучанне і адмене заняткаў — маюцца на ўвазе часовыя змены ў графіку навучальнага працэсу, каб пазбегнуць збірання вялікай колькасці людзей, падкрэсліваюць у БДУ. „У найбліжэйшы перыяд рэкамендавана выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў, прадугледжаныя навучальнымі планамі і праграмамі, у ліку якіх КСР (кіраваная самастойная работа студэнтаў), кансультацыі, лабараторныя і інш.”, — гаворыцца ў паведамленні ВНУ.

Па ўсіх пытаннях арганізацыі навучальнага працэсу студэнтам прапануецца звяртацца ў дэканаты факультэтаў.

У БДУ таксама прыняты комплекс мер па ўзмацненні прафілактыкі распаўсюджвання каронавіруса сярод студэнтаў і супрацоўнікаў. На працягу найбліжэйшага месяца абмежаванае наведванне студэнцкіх інтэрнатаў, акрамя іх жыхароў; у месцах масавага збору людзей, холах і санвузлах устаноўленыя дазатары з антысептыкамі для апрацоўкі рук; павялічаная колькасць вільготных прыбіранняў навучальных, адміністрацыйных карпусоў і інтэрнатаў з выкарыстаннем дэзынфекцыйных сродкаў; ва ўсіх навучальных карпусах, інтэрнатах размешчаныя інфармацыйныя стэнды па прафілактыцы каронавіруса; абмежаванае правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Адміністрацыя БДУ заклікае студэнтаў і супрацоўнікаў „больш уважліва паставіцца да свайго стану здароўя і здароўя навакольных і выконваць усе неабходныя правілы асабістай гігіены і рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па прафілактычным мерам распаўсюджвання віруснай інфекцыі”.

На гэты момант колькасць інфікаваных каранавірусом COVID-19 у Беларусі, паводле афіцыйных звестак, складае 27 чалавек. Некалькі з іх ужо выпісаныя.

Шпіталізацыя студэнтаў і выкладчыкаў БДУ, а таксама санітарная апрацоўка памяшканняў універсітэта звязаныя з тым, што ў сям’і аднаго са студэнтаў быў выяўлены COVID-19. Папярэднія тэсты паказалі наяўнасць каронавіруса ў пяці студэнтаў БДУ, у дачыненні да іх цяпер праводзіцца ўдакладняльная дыягностыка.

Ва ўстановы аховы здароўя для медыцынскага назірання і праходжання санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў накіраваныя 240 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ, якія маглі мець кантакт з заражаным студэнтам. Пры атрыманні адмоўных тэстаў і магчымасці ізаляванага пражывання вялікая частка іх будзе адпушчаная.

belapan.by