Лена Глагоўская: Адно кашубскае слова ў сотні разоў павялічыла колькасць кашубаў
Якія механізмы можна выкарыстаць, каб пераканаць насельніцтва заяўляць пра сваю родную мову? Падчас перапісу ў Польшчы ў 2011 годзе кашубскую мову дэкларавала больш за 230 тысяч жыхароў. А дзесяць гадоў раней кашубаў, паводле перапісу, налічвалася толькі каля 5 тысяч. Чаму так сталася, кажа прафесар Лена Глагоўская з універсітэта ў Быдгашчы:
– Была такая прапаганда кашубскіх деячаў. Калі хтосьці гаворыць „ё”, што значыць „так” па-кашубску, то мае права падаць, што паслугоўваецца кашубскай мовай. А ці не можна зрабіць такога падобнага прапагандысцкага выхаду ў выпадку беларусаў. Выбраць такія свае словы, якімі чалавек у Беларусі паслугоўваецца, нават сам прэзідэнт.
У падтрымку беларускай мовы выступаюць розныя грамадскія і палітычныя дзеячы і арганізацыі, як у Беларусі, так і за яе межамі.
Пра важнасць перапісу кажа кіраўнік аддзелу прамоцыі “Белсата” Лукаш Бырскі:
– Гэта дэкларацыя дзяржаўнасці. У Беларусі дзве канстытуцыйныя мовы – беларуская і расейская. Беларуская мова павінна прысутнічаць у жыцці краіны таксама як другая мова. Важна падчас перапісу, каб як мага больш людзей пазначала беларускую мову роднай, таму што на наступныя 10 гадоў у тым ліку і вынікі перапісу будуць вызначаць палітыку дзяржавы.
Перапіс працягнецца да 30 кастрычніка.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя