Лепель адзначыў 580-годдзе



Сваё 580-годдзе адзначыў горад Лепель, які ўпершыню згадваўся ў летапісах у 1439 годзе. Але першыя паселішчы людзей на тэрыторыі Лепельскага раёна з’явіліся яшчэ ў эпоху мезаліту.

Значная роля ў развіцці горада належала канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу, які набыў горад у 1586 годзе. Але, на жаль, на свяце горада пра яго ўзгадалі хіба што касцюмаваным героем. З трыбуны ў асноўным распавядалася пра сучасныя дасягненні горада і яго жыхароў. Свята пачалося з шэсця працоўных калектываў горада.

Як кажуць лепяльчане, любое свята, якое адбываецца ў горадзе, ім падабаецца, бо можна прыйсці туды і адпачыць разам з сям’ёй:

– І фестываль Цмока, і дзень горада вельмі падабаюцца. Мы стараемся падтрымліваць усё гэта, хадзіць, глядзець, добрая арганізацыя свята. Мы ўвогуле любім свой горад, у нас тут прырода, азёры, прыгажосць. Вельмі любім пачастункі падворкаў: клёцкі, бліны, гарбату з зёлак.

– Свята вясёлае і радаснае, нам усё падабаецца, асабліва святочная атмасфера і тое, што нашаму гораду 580 год.

– Год нараджэння Лепеля – 1439. Дзякуй Богу, што ўжо столькі гадоў гэты горад існуе. Для нас гэта вельмі важная дата, таму што мы, лепяльчане, ганарымся сваім, хоць невялічкім, горадам, і ён нам вельмі падабаецца, мы тут жывем. Канешне, мы рыхтаваліся да гэтага свята як маглі, і атрымалася, як атрымалася.

У адрозненне ад фэсту «У госці да Лепельскага Цмока», які праводзіўся ў падобным маштабе і быў брэндам горада, на свяце горада не гучала так шмат беларускай мовы, было няшмат беларускіх сувеніраў і спеваў па-беларуску. Ды і ўвогуле юбілейнае свята мала чым адрознівалася ад звычайнага штогадовага свята горада.

Таццяна Смоткіна