Лепшыя фота фатографаў прэсы Літвы ў Гародні
У гарадзенскай выставачнай зале адкрылася выстава, якая паказвае 100 лепшых здымкаў фотамайстроў, што супрацоўнічаюць з прэсай Літоўскай Рэспублікі. Экспазіцыя паказвае працы, што перамаглі ў конкурсе “Прэс фота Літвы – 16” і упершыню прывезена дзякуючы Генеральнаму консульству Літоўскай рэспублікі ў Гародню.
Пра тое, як стваралася экспазіцыя распавядае Йонас Стэсяліс, прэзідэнт клуба фатографаў прэсы Літвы
— Людзі дасылалі фотаздымкі праз інтэрнэт, з сярэдзіны снежня да сярэдзіны студзеня. Кожны аўтар можа паставіць да ста фотаздымкаў, па адной і некалькі серыяў. У нас міжнароднае журы. Яны адбіраюць гэтыя фотаздымкі, не ведаючы, хто аўтар. У прынцыпе, за апошнія гады ў конкурсе ўдзельнічаюць недзе сто – сто дзесяць фатографаў, а фотаздымкаў дасылаюць недзе чатырыста.
Гарадзенскі фатограф Сяргей Марозаў лічыць экспазіцыю выставай высокага еўрапейскага ўзроўню:
— Выстава спадабалася ў першую чаргу сваім высокім узроўнем. Як па мне, няма такіх фотаздымкаў, якія б не спадабаліся, усе добрыя. А заўважыў такую асаблівасць, што фотаздымкі ўсе падпісаныя і акрамя назвы, ёсць яшчэ нейкая анатацыя. Я, як фатограф ведаю, што гэта даволі складана, не проста назву даць, а яшчэ і анатацыю напісаць.
Паглядзець лепшыя здымкі прэс-фатографаў Літвы магчыма цягам двух тыдняў да 12 лістапада 2018 года.
Беларускае Радыё Рацыя