Летні фэст супраць смяротнага пакарання прайшоў на Аршаншчыне



Ён сабраў каля двух дзясяткаў гасцей з Менску, Віцебску і Воршы. На аграсядзібе “Пуцяціна” ў вёсцы Стаўры адбыліся дыскусія пра смяротнае пакаранне ў Беларусі, прайшлі прэзентацыя фотаальбома “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання, 10 гадоў змагання”, прагляд і абмеркаванне дакументальнага фільма, сустрэча з маладым аршанскім паэтам Алесем Макарэвічам, які прачытаў нізку вершаў пра смяротнае пакаранне і масавыя рэпрэсіі ў Беларусі.

Актуальнасць праблемы вымагае пошуку ўсё новых фарматаў для прыцягнення ўвагі грамадскасці да гэтай праблемы, кажа заснавальнік кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда:

– Я вельмі часта выступаю на розных мерапрыемствах, і вельмі баюся, каб гэта не выглядала як “говорящая голова” – чалавек, які ўвесь час нешта гаворыць… Таму мы выкарыстоўваем розныя фарматы, бо падчас гэтых фарматаў ёсць магчымасць зваротнай сувязі. Паспрабавалі правесці фэст. Гэта пілотная такая штука, і, можа быць, стане традыцыйнай.

Сёлета кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” адзначае сваё 10-годдзе. За гэты час праваабаронцы правялі сотні сустрэч і дыскусій, выдалі дзясяткі кніг і альбомаў. Ладзілі ўдзельнікі кампаніі і нетрадыцыйныя імпрэзы – прыкладам, музычныя фестывалі “Рок супраць смяротнага пакарання”, або правааабарончы шпацыр па мясцінах здымак фільма “Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”.

На думку старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяны Нядбай, варта выкарыстоўваць любыя магчымыя шляхі для інфармавання людзей пра розныя аспекты смяротнага пакарання:

– Тэма смяротнага пакарання адназначная для праваабаронцаў, а для людзей не заўсёды адназначная. Гэта тлумачыцца тым, што людзі мала ведаюць і пра выкананне гэтых прысудаў, і пра вынясенне прысудаў, і пра ўмовы ўтрымання ў чаканні выканання, і пра колькасць судовых памылак. І таму з людзьмі трэба размаўляць, трэба тлумачыць, трэба прыводзіць прыклады.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе існуе смяротнае пакаранне, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Цалкам матэрыял:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя