Летнік „У індзейскага правадыра Хуакаса”



„У індзейскага правадыра Хуакаса” – дзіцячы летнік пад такой назвай арганізавалі гаспадары агракомплекса „Утрына”, што ў Віцебскай вобласці. Гаспадары ўжо даўно цікавяцца побытам індзейцаў і стараюцца адрадзіць іх традыцыі ў сябе на сядзібе. Таксама ў летніку дзяцям распавялі пра эпоху вікінгаў і навучылі страляць з лука.

У летнік прыехалі дзеці з Глыбокага, Полацка і Менску, бацькі якіх знайшлі абвесткі пра летнік у інтэрнэце або пачулі ад сяброў.

Паводле арганізатараў летніка, для іх галоўнае, каб дзеці навучыліся жыць без гаджэтаў у гармоніі з прыродай. Кажа Святлана Мельнічэнка:

– Мы адрываем іх ад гэтых гаджэтаў, дзе чалавек сам з сабой, і атрымліваецца ілюзія ведаў. Мы развучыліся размаўляць, а яны атрымліваюць гэта тут у поўнай меры. Мы вучымся адзін у аднаго, не толькі яны, мы таксама вучымся. Усе мы складаныя, усе мы са сваімі звычкамі. Гэта ўзаемадзеянне настолькі важна сёння, што не было б у нас ні войнаў, нічога, калі б мы ўсе ўмелі проста ўзаемадзейнічаць адзін з адным.

Падчас летніка дзяцей навучылі ездзіць верхам на конях і клапаціцца пра іх. Таксама дзеці авалодалі асновамі дрэсіроўкі сабак і пакаталіся на хасках. У межах летніку прайшлі майстар-класы па рукадзеллю, журналістыцы, фота ды іншыя.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя