Леў Бялевіч пра правакацыі супраць СБП: Апрануты ён быў у КГБісцкую форму з іголачкі…



Прычыну хуткай паразы антысавецкай беларускай моладзевай арганізацыі Леў Бялевіч бачыць ва ўласнай неасцярожнасьці тагачасных маладых патрыётаў і правакатарстве аднаго з удзельнікаў СБП Алега Стахоўскага, які аказаўся супрацоўнікам энкавэдыстаў.

Пакручасты лёс Льва Бялевіча:  Педвучэльня. Саюз Беларускіх Патрыётаў — Праграма. Правакацыі — Алег Стахоўскі — Арышты. Допыты. Суд — Працы ў Менску. Этап у Інту. — Лагеры. Хваробы. Вызваленне. 

Леў Ніканавіч Бялевіч (1926; в. Багуцкія, цяпер Мёрскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь — 2015; Санкт-Пецярбург, Расея) — сябра Глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) з восені 1945 году. Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1955 год.

Нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям’і, якая жыла з дзедам. Меў 3 сясьцёр: Вера, Ніна, Надзея. Дзед навучаў Дабравесьцю і беларускім вершам. У дзяцінстве Льва выхоўвалі ў беларушчыне.

У польскамоўнай пачатковай школе ў в. Разьдзёрка, якую скончыў у чэрвені 1938 г., настаўніца забараняла размаўляць на беларускай мове. У верасні 1938 г. паступіў ў в. Глушкі, якая знаходзілася за 15 км ад роднай в. Багуцкія, ў 7-гадовую польскамоўную школу, дзе скончыў 5-ты класы. 17 верасня 1939 г. у в. Лужкі суправаджаў адыход Польскага войска і сустрэў Чырвоную армію пад Лужкамі. Узімку 1939 г. стаў сьведкам хапуна і высылкі на лесапавал сям’і суседа з 7 дзецьмі, які ажыцьцявілі супрацоўнікі НКУС СССР (Рэпрэсіі ў БССР). У 6-ю клясу пайшоў пад нямецкай акупацыяй у школу ў вёсцы Язна (Мёрскі раён; Глыбоцкая вобласць, Генеральная акруга Беларусь). Яе дырэктарам быў дзеяч асветы Заходняй Беларусі Ігнат Мятла, які быў родным братам беларускага пасла польскага Сойму Пятра Мятлы (1922—1927; Беларускі пасольскі клюб). Усё навучанне было па-беларуску. Гісторыю вывучалі паводле падручніка «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) Вацлава Ластоўскага.

Узімку 1943 г. савецкія партызаны спалілі Язьненскую школу. Ільву давялося хадзіць пешшу ў в. Чарневічы (цяпер Глыбоцкі раён, Віцебская вобл. Беларусь), што знаходзілася за 7 км. У 1943 г. па заканчэнні Чарневіцкай школы ўдала здаў экзамены ў Глыбоцкую прагімназію, але з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча вучыцца ня змог. Увосень 1944 г., па прыходзе Чырвонай арміі, паступіў у толькі адчынены Глыбоцкі педагагічны тэхнікум (вучэльня). Выкладанне ў вучэльні было вельмі русіфікаваным, бо выкладаць прывезлі расейскіх настаўнікаў з Урала. Усе 100 навучэнцаў правалілі ўступную расейскамоўную дыктоўку. Па-беларуску выкладала толькі адна настаўніца: беларускую мову і літаратуру. У студзені 1946 г., на 2-м курсе Глыбоцкага пэдтэхнікума, увайшоў у Саюз беларускіх патрыётаў разам з аднакурснікамі для супольнай падрыхтоўкі да беларускамоўнага настаўніцтва. Саюз беларускіх патрыётаў улучыў гурток «За Беларусь» з Пастаўскай пэдвучэльні, пасля чаго зацьвердзіў Статут і сацыял-дэмакратычную Праграму, якая прадугледжвала незалежнасць Беларусі, бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У часе разгрому СБП органамі МГБ за ўдзел у гэтай моладзевай арганізацыі Леў Бялевіч быў арыштаваны 8 лютага 1947. Разам зь ім арыштавалі Васіля Мядзельца і Антона Фурса. 

Пасля суду над СБП у Менску, які адбыўся 16-20 чэрвеня 1947, Бялевіч быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Да лета 1948-га адбываў тэрмін у лягеры «Краснае ўрочышча» пад Менскам. Працаваў на будаўніцтве Менскага аўтамабільнага заводу. Затым быў накіраваны ў Інцінскія лягеры (Комі АССР). Леў Бялевіч разам з Васілём Супруном, Кастусём Шышэя, Шастаковічам арганізавалі зямляцкі гурток, які зьяўляўся беларускім цэнтрам ў сыстэме лягероў вакол Інты. У сакавіку 1953 г. перахварэў нажаўтуху (хвароба Боткіна). Пазьней падчас апэрацыі яму выдалілі частку страўніка ў выніку прабадной язвавай хваробы. Апэрацыя доўжылася 4 гадзіны без наркозу. Зь лягеру быў вызвалены ў 1955 у выніку т. зв. хрушчоўскай «адлігі». Пасьля вяртаньня ў Беларусь ажаніўся з Марыяй Бабіч, таксама колішнім сябрам СБП. З 1956 году разам з жонкай пераехаў зноў пад Інту, дзе працаваў шахцёрам. 30 кастрычніка 1992 году рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі. Пазьней жыў у Полацку (Віцебская вобласьць, Беларусь). Памёр у сьнежні 2015 году ў Санкт-Пецярбургу.

Беларуская Радыё Рацыя