Лічба, якая шакавала слонімцаў
Праваслаўная Беларусь у траўні адзначыць 550-годдзе Жыровіцкага абраза Божай Маці і 500-годдзе Жыровіцкага манастыра. На падрыхтоўку да гэтых юбілеяў выдаткавана са сродкаў рэспубліканскай інвестыцыйнай праграмы 5 мільёнаў 200 тысяч беларускіх рублёў.
Калі слонімцы даведаліся пра такія фінансавыя лічбы, яны атрымалі шок. Бо сёння такія вялікія грошы на Слонімшчыне ёсць куды ўкладваць. Даўно патрабуе рэстаўрацыі самы стары помнік Слоніма – сінагога 1642 года. Палац Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін таксама згубіў сваю ранейшую прыгажосць і яго тэрмінова патрэбна рэстаўраваць. Раённая інфекцыйная лякарня ў Слоніме знаходзіцца ў самым жудасным стане, будынак лякарні не рамантавалі дзясяткі гадоў. У Слоніме не хапае медыцынскага абсталявання, медыцынскіх кадраў, жылля для іх і настаўнікаў, і г.д.
Але грошы ў нас ідуць на падобныя святы, на спартыўныя аб’екты, дзе хутка ўжо не будзе каму займацца спортам, на розныя базары і гулянні. А тое, што хвалюе людзей у першую чаргу, уладаў не цікавіць.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя