Лічбавы канцлагер «Беларусь»



Калі Беларусь параўноўваюць з канцлагерам, я пратэстую. «Канцлагер» надта моцнае слова, і калі ён усё-ткі адбудзецца, ніхто за мяжой не паверыць. Гэта як са словам «дыктатура». Адносна Беларусі яно дэвальвавалася. А калі ў канцы 2020 году надышла рэальная дыктатура, мала хто зразумеў усё сур’ёзнасць падзеяў.

З Беларусі можна з’ехаць, з Беларусі можна нават уцячы, калі ты невыязны. Таму не канцлагер, хутчэй ваенны гарадок.

Чаму ж тады канцлагер можа быць лічбавым?

Ад знаёмых спецыялістаў па сувязі я дазнаўся гісторыю пра сямейную пару, якую затрымалі ў Менску праз год пасля актыўных пратэстаў 2020 году. Як высветлілася, лукашэнкаўскія карнікі абавязалі ўсіх аператараў мабільнай сувязі запісваць усе тэлефанаванні.

Так, гэта тоны і тоны інфармацыі, але гэтага дастаткова, каб рандомна кагосьці затрымліваць, бо размовы ў цэнтры гораду людзі вялі відавочна не пра кошты на рынку. Размовы часта вяліся пра тое, што будзе з рэжымам ды яго памагатымі пасля перамогі.

А цяпер прыгадаем апошнюю хвалю «экстрэмізацыі» рознага роду паблікаў у інтэрнэце. Кляймілі нават каналы з падпісчыкамі ў раёне двухсот чалавек.

Здаецца мала. Але калі такіх па давесці прызнаць тысячу паблікаў? Дзвесце тысяч патэнцыйных «паасобнікаў экстрэмізму».

Хтосьці скажа, дык можна не падпісвацца, а заходзіць, набіраючы назву.

Справа ў тым, што мы – карыстальнікі сеціва – пакідаем за сабой электронны след. Таму калі сур’ёзна пакорпацца ў вашым гаджэце, можна знайсці, што вы заходзілі да «экстрэмістаў».

І вось тут мы прыходзім да лічбавага канцлагеру. Каб не ставіць сябе пад пагрозу, чалавек пачынае проста на ўсялякі выпадак не заходзіць на беларускія інтэрнэт-рэсурсы.

А гэта значыць, што абмяжоўвае сябе ў інфармацыі пра Беларусь і беларусаў. Адбываецца самаапляценне калючым дротам.

Але ёсць і пазітыўная навіна – выйсце ёсць.

Парадокс беларускай сітуацыі ў тым, што яшчэ напярэдадні 2020 году мы былі самай прасунутай ІТ-супольнасцю ў Балта-чарнаморскім рэгіёне Еўропы.

Абрывіятуру «ІТ» я ўжываю ў шырокім сэнсе слова. Гаворка не толькі пра колькасць ІТ-спецыялістаў, але пра тое, што каля 85% беларусаў ва ўзросце ад 6 да 84 гадоў карысталіся інтэрнэтам. У тым сэнсе, што самастойна шукалі інфармацыю.

Цяпер частка айцішнікаў на службе рэжыму ідзе па электронных слядах суайчыннікаў.

Задача вольнага беларускага свету вучыць людзей хаваць тыя сляды, абыходзіць «ішчэек» і спакойна спажываць незалежны інфармацыйны прадукт.

Беларускае Радыё Рацыя