Ліда: 43 сутак арышту і 270 рублёў штрафу



Па меншай меры 6 чалавек былі затрыманыя і асуджаныя цягам апошніх дзён у Лідзе за ўдзел у стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага, які вёўся 22 красавіка ад помніка князю Гедыміну.

Чатыром з іх прысуджана па 7 сутак арышту, адному з іх – максімальны тэрмін у 15 сутак. Яшчэ адзін атрымаў штраф у 10 базавых велічынь.

Жыхары Ліды лічаць, што рэпрэсіі неабгрунтаваныя. Абмяркоўваюць і актыўна выказваюць салідарнасць з затрыманымі ў сацыяльных сетках. Расказвае адзін з сябраў затрыманых.

За што? За тое, што чалавек праўду кажа? Тое, што ў нас наагул адбываецца ў краіне. Да меркавання людзей трэба прыслухоўвацца. Нармальнае кіраўніцтва краіны павінна прыслухоўвацца да меркавання народа, кожнага чалавека, а не садзіць яго за краты.

Салідарныя з затрыманымі аб’ядналіся і дапамагаюць ім. Толькі за некалькі дзён, пакуль у Лідзе праходзілі затрыманні і суды, было сабрана каля 6000 рублёў на аплату штрафаў і арыштаў. Таксама было сабрана некалькі перадачаў для тых, хто зараз знаходзіцца за кратамі.

Беларускае Радыё Рацыя