Ліда адзначыла 100-годдзе беларускамоўнай адукацыі
“У аснове ўсёй беларускамоўнай адукацыі стаяць лідзяне,” – адзначыў Станіслаў Суднік у час чытанняў, прысвечаных 100-годдзю беларускамоўнай адукацыі на Лідчыне. Па звестках, якія ўдалося знайсці краязнаўцу Лявону Лаўрэшу, першая беларускамоўная школа на Лідчыне з’явілся роўна 100 гадоў таму у вёсцы Збляны. Гэты гістарычны факт і стаў тэмаю для правядзення лідскіх чытанняў, якія прайшлі ў цэнтральнай лідскай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
Гаворыць Станіслаў Суднік:
– Канец 2015 года і пачатак 2016 года – гэта якраз 100 год ад таго часу, як пачалася беларускамоўная адукацыя. «Наша слова» некалькі разоў пісала пра гэта. Таму ў Лідзе былі спланаваны такія чытанні да 100-годдзя афіцыйнай беларускай школы на Лідчыне. У аснове ўсёй беларускай адукацыі стаяць лідзяне –Вацлаў Іваноўскі, Цётка, Карусь Каганец.
Першая афіцыйная беларуская школа была адкрыта ў Вільні 13 лістапада 1915 года. Першая ж беларуская школа на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў Зблянах Лідскага павета праіснавала да сярэдзіны 20-х гадоў.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда
Фота nn.by