Сілы духу ён ніколі не губляў (абноўлена)



Споўнілася 50 год з дня нараджэння Сержука Вітушкі – стваральніка і кіраўніка грамадска-культурнага таварыства „Талака”, гістроыка, педагога, пісьменніка. Ён сам да свайго юбілею не дажыў. Сяржук Вітушка памёр 2 ліпеня 2012 года пасля цяжкай хваробы – цукровага дыябету – у Вільне, куды пераехаў у 1991 годзе. Пахаваны пад Менскам, у вёсцы Рагава.

Па словах грамадскага і палітычнага дзеяча Вінцука Вячоркі, Сяржук Вітушка прыйшоў у беларускі  рух у 1985 годзе і фактычна адразу сцвердзіўся як лідар пакалення „талакоўцаў”.

vjacorka-1Вінцук Вячорка: Менавіта ён быў найбольш энергічным, найбольш адказным удзельнікам стварэння „Талакі”, напачатку як аб’дянання моладзі, якая практычна дапамагала ўратаванню помнікаў архітэктуры  і наогул беларускай матэрыяльнай культуры, а потым стала асяродкам змагання за нацыянальна-дэмакратычнае адраджэнне Беларусі. Важна, што карані  беларушчыны ў яго вельмі трывалыя. З аднаго боку, гэта ягоная сямейная філалагічная традыцыя, ягоная радашкаўская дыялектная база. Памятаю, як ён увесь час прыгадваў, як ягоная бабуля гаварыла па-беларуску ў вёсцы Рагава, што каля Радашковічаў. А з другога боку, гэта магутная самаадукацыя і адукацыя, набытая на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.  Але найважнейшае тое, што ён сам прагна спасцігаў тады фактычна забароненую альбо глыбока закапанаю беларушчыну. Ну, скажам, ездзячы ў Вільню да Лявона Луцкевіча і Зоські Верас ці вандруючы па Беларусі, размаўляючы з тым жа Міхалам Ляпехам, народным дырэктарам музея Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, і шмат з якімі іншымі людзьмі. Можа быць тады, калі  ўсё пачыналася, мы не надта ўсведамлялі, якая небяспечная хвароба яго точыць. Ён гэта, аднак, выдатна ўсведамляў. І таму імкнуўся, як мне падаецца, ніводнай секунды свайго жыцця, ніводнага байта энергіі не змарнаваць. Яно было неверагодна насычнанае. Я памятаю яго і ў іпастасі выдатнага адукатара сваіх раўналеткаў, не пасвячоных у беларушчыну, і як лідара турыстычных вандровак, які цягнуў на сабе найцяжэйшы заплечнік, як знакамітага вядоўцу мітынгаў і мітынговага прамоўцу, як гэта было на адным з першых мітынгаў у абарону менскага старога горада ад непрадуманага будаўніцтва пад ім другой лініі метро.

Фактычна з 1985 па 1988 год „Талака” стала нефармальным каардынацыйным цэнтрам  дзясяткаў аналагічных утварэнняў па ўсёй Белаурсі. Ну, а пачыналася ўсё з сакрэтнай нарады ў лютым 1985 года ў Смольні Стаўбцоўскага раёна, у філіі музея Якуба Коласа. Тады там быў дырэктарам Сяржук Сокалаў-Воюш. І вось на гэтую сакрэтную нараду прыехалі браты Івашкевічы, Алесь Бяляцкі, сам Сяржук Сокалаў-Воюш прадстаўляў Наваполацак. Былі людзі з Берасця, з Гомеля. А Генадзь Сагановіч прывёў маладога хлопца, з якім пазнаёміўся ў дабрачынным рэстаўрацыйна-будаўнічым атрадзе, якім кіраваў. Вось Генадзь і прывёў маладзейшага за нас на 3-4 гады такога бялявага, з рамантычным позіркам Сержука. І з таго часу, калі было прынята рашэнне пачынаць на ўзор „Майстроўні”, а тады яна, на жаль, вымушана была спыніць свай існаванне, тварэнне дзясяткаў моладзевых згуртаванняў. Так пачалася гісторыя „Талакі” і Сяржука як лідара гэтай хвалі беларускага моладзевага адраджэння. Безумоўна, і „Талака”, і гэтыя згуртаваныя суполкі паслужылі той матрыцай, на якой у 1988 годзе арганізацыйна, проста вокамгненна сфармаваўся Беларускі Народны Фронт.  І менавіта „Талака” разам з „Тутэйшымі” была ініцыятарам і здяйсняльніцай вядомага адзначэння „Дзядоў” 30 кастрычніка 1988 года.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Скульптар Генік Лойка: Мы пазнаёміліся з Вітушкам пад канец „Майстроўні”. „Майстроўня” ўжо развальвался і ператварался ў „Талаку”. Я памятаю, што першая сустрэча з ім была ў нашым тэатральна-мастацкім інстытуце. Нагодай гэтага сходу было тое, што нашыя студэнты зрабілі сценгазету пад назвай „Міру – Мір” з чорна-белымі фоткамі пасля пажару ў Мірскім замку. Вядома ж, кіраўніцтва занепакоілася: як гэта так, студэнты нечым цікавяцца! А ёсць жа Таварыства аховы помнікаў. Клікнулі архітэктара Валянціна Калніна. Сталі гутарыць. З нашага боку таксама прыйшлі людзі, быў Вінцук Вячорка. І вось адзін хлопец, маладзенькі такі хлопчык, з ружовымі шчочкамі, светлы такі, выступаў, казаў тыя ж думкі, якімі і мы жылі. Адразу відаць – наш хлопец. Гэта быў Сяржук Вітушка. Ён толькі скончыў школу, працаваў на заводзе „Інтэграл”. Ганарыўся тым, што ён рабочы, бо ў нас „Майстроўня” была ў асноўным студэнцкая, а гегемонаў, пралетарыяту не было амаль што. А пасля, калі ўжо ўтварылася „Талака”, гэта ўжо было і ягонае асяроддзе, і ягоная ідэя – адбудоўваць Беларусь. Самым непасрэдным чынам:  браць рыдлёўку ў рукі і будаваць… Сяржук Вітушка – гэта чалавек, які выклікае толькі пазітыўныя эмоцыі і ўспаміны. Проста як анёл. Вялікая шкода, што такія людзі так рана пакідаюць нас. Але такі ўжо закон, мусіць, якога мы не можам спасцігнуць.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Журналіст і прадпрымальнік, адзін са стваральнікаў „Талакі” Алесь Суша: Сержука я ведаю вельмі даўно. Я нават не памятаю першай нашай сустрэчы. Такое адчуванне, што ён быў заўсёды. Самае галоўнае, што адбылося з ягоным прыходам, гэта тое, што „Талацэ” пачаў спадарожнічаць поспех. Любая справа, да якой Сяржук дакранаўся рукой, заўсёды была паспяховая. Гэта для мяне самая ўнікальная чалавечая якасць.

У мяне не ідзе з галавы мая апошняя з ім сустрэча ў Вільні. Ён сядзеў у інвалідным вазочку, без нагі, з невідушчымі вачыма. Хвароба зжэрла яго канчаткова. Але дух зжэрці не змагла, бо акурат тады ён дыктаваў сваю новую кніжку, якая нядаўна вышла і называецца „Тэатр Сяржука Вітушкі”. Гэтая сітуацыя мне нагадала запісны цыркавы нумар, калі чалавек выходзіць на арэну з трубой, але злодзеі забіраюць трубу. Тады чалавек дастае з кішэні гармонік – злодзеі забіраюць гармонік. Чалавек дастае дудку. І яе адбіраюць. У выніку няроўнай барацьбы, калі адабрана, здаецца, усё, чалавек проста грае сваімі губамі, спявае.  Вось так і Сяржук з ягонай апошняй кніжкай. Хвароба адбірала ў яго магчымасць за магчымасцю, але сілы духу ён ніколі не губляў. Вось гэта галоўнае ў ім.

Дзясятк людзей у дзень народзінаў Сержука Вітушкі прыехалі на яго магілу ў вёсцы Рагава пад Радашковічамі, на радзіму яго продкаў, каб аддаць даніну  памяці выдатнаму сыну беларускай зямлі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск 

* * *

10 красавіка споўнілася б 50 гадоў Сяржуку Вітушку – лідару беларускага моладзевага адраджэння. Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кіраўнік легендарнай менскай „Талакі” – адной з першых напаўпадпольных незалежніцкіх арганізацый у часы Савецкага Саюза.

Гэта былі неспакойныя часы,  за дзейнасцю Сяржука сачылі тагачасныя службы, узгадвала часы „Талакі”  ў Раніцы з Рацыяй Людвіка Кардзіс-Вітушка:

Ён быў сапраўдным лідарам, ён умеў згуртаваць вакол сябе людзей. Таму хутка трапіў пад прыцэл тагачасных спецслужб. Ціск быў вельмі моцны. Яго пастаянна выклікалі на размовы адпаведныя службы. І яму казалі: „Што ж ты робіш? І ў Вячоркі, і ў Сушы ёсць бацькі, ёсць плечы. А ты – сірата (яго бацька на той момант ужо памёр)!” Нават такі метад выкарыстоўвалі. Маці таксама выклікалі. Але ў ягонай ў сям’і было паразуменне. Ягоная маці сказала такую рэч: “А што, лепш, каб яны стаялі пад пад’ездам ды віно пілі? Яны збіраюцца і займаюцца адраджэннем нацыянальнай культуры.” Пасля гэтага яе перасталі выклікаць у органы.

Працаваць у той час было вельмі складана тым, хто займаўся адраджэннем. Я ведаю шмат людзей, якіх “апрацоўвалі” спецслужбы. Спрабавалі завербаваць. Мы былі  як тыя белыя вароны. А хто ў той час у Менску размаўляў па-беларуску? Толькі вузкае кола людзей.

РР: Сяржук  загарэўся ідэяй адраджэння Беларускага музею, які існаваў у міжваенны час у Вільні. Гэтая ідэя жыве. Музею, на жаль, пакуль што няма. Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтай справе?

Людвіка Кардзіс-Вітушка: Ёсць невялікія зрухі. Ёсць кола зацікаўленых навукоўцаў, якія згодныя працаваць. Мы супрацоўнічаем з мэрыяй у справе памяшканняў.

РР: Аднойчы Сяргей Дубавец сказаў, што побач з Сяржуком Вітушкам чалавек станавіўся лепшым, ён нёс вялізны зарад аптымізму. У яго быў адзіны азімут – Беларусь.

Людвіка Кардзіс-Вітушка: Калі б не хвароба, ён вельмі шмат мог зрабіць. Дай Бог, каб у Беларусі хутчэй з’явіўся такі лідар, які б мог сабраць вакол сябе хай не ўсю краіну, а хаця б яе большую частку. Тады ў нас усё атрымаецца!

Сяргей Вітушка памёр у віленскай лякарні 2 ліпеня 2012 году.  Цяпер „Талака” стала сімвалам моладзевага супраціву 80-тых – пачатку 90-тых гадоў. Пад кіраўніцтвам Вітушкі „Талака” займалася гістарычна-асьветніцкай дзейнасцю. Яе актывісты ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках і рэстаўравалі помнікі, змагаліся за стварэнне беларускіх класаў і школаў. Рабілі ўсё адпаведна назве – талакой.

З 1991 году Сяргей Вітушка жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачанні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасці, у прыватнасці, арганізоўваў „сляпыя экскурсіі” для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, шмат пісаў казак, п’ес-батлеек і вершаў. У 2011 годзе выйшла ягоная кніга „Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!”.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя