Лідар „Перспектывы” запрошаны на сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта
Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка 23 студзеня запрошаны ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Як паведамляе сайт прадпрымальніцкага аб’яднання, сустрэча з кіраўніком адміністрацыі Наталляй Качанавай прызначаная на 12.00. Шумчанка мае намер перадаць калектыўны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, які падпісалі амаль 7 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў з 25 гарадоў краіны. ІП, занятыя ў раздробным гандлі, просяць яго сустрэцца з кіраўніцтвам „Перспектывы”, каб асабіста абмеркаваць сітуацыю ў галіне малога бізнесу Беларусі.
Галоўнай праблемай прадпрымальнікі называюць нестыкоўкі ў заканадаўстве Беларусі і Расеі, дзе яны закупляюць асноўную масу сваіх тавараў. „Ажыццяўляючы сваю гаспадарчую дзейнасць у межах дзейнага ўказа № 222, прадпрымальнікі раздробнага гандлю абавязаныя мець поўны пакет дакументаў, атрыманых ад контрагента краіны, дзе была ажыццёўленая закупка тавару, для наступнай рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Праблема ў тым, што пры ажыццяўленні здзелкі за наяўны разлік з контрагентам з РФ большасць беларускіх ІП раздробнага гандлю не атрымліваюць усе неабходныя дакументы, згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі ў рамках ЕАЭС. З-за гэтага большасць ІП раздробнага гандлю могуць стаць парушальнікамі заканадаўства Беларусі з-за незалежных ад іх прычын”, — растлумачылі аўтары дакумента, поўны тэкст якога апублікаваны на сайце „Перспектывы”.
Прадпрымальнікі просяць Лукашэнку ўвесці мараторый на падаванне поўнага пакета абавязковых згодна з указам № 222 дакументаў „да навядзення парадку ў дакументаабароце ў РФ”; пазбавіць ІП раздробнага гандлю ад абавязку падаваць дакументы на „ўвезеныя да цяперашняга часу тавары з РФ з выплачаным за іх увазным ПДВ”; вылучыць сектар раздробнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва ў асобную сферу рэгулявання „з забеспячэннем максімальна спрошчаных умоў вядзення бізнесу”.
Фота d-zholik.livejournal.com