Лідара АГП Мікалая Казлова паўторна дапыталі
Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалая Казлова 5 студзеня паўторна дапыталі ў Следчым камітэце ў рамках крымінальнай справы па факце стварэння Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне (КР). Казлоў уваходзіць у асноўны склад КР.
На папярэднім допыце, які адбыўся 30 снежня і доўжыўся каля трох гадзін, палітык адмовіўся даваць паказанні супраць сябе, не стаў падпісваць выніковы пратакол допыту і адмовіўся даваць падпіску аб невыдаванні.
У гэты раз у СК Казлоў прыйшоў з адвакатам і правёў там крыху больш за гадзіну. Адказваючы на ўсе пытанні, ён спасылаўся на артыкул 27 Канстытуцыі, згодна з якім ніхто не павінен прымушаць чалавека да дачы паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і і блізкіх сваякоў. Падпіску аб невыдаванні Казлоў зноў не даў. У пратаколе допыту адзначыў, што лічыць крымінальную справу палітычна матываванай і што яе „выкарыстоўваюць для націску на палітычных апанентаў”.
„Пытанняў да мяне было шмат, каля двух дзясяткаў. Некаторыя з іх мне здаваліся абсурднымі. Склалася ўражанне, што ўсе гэтыя пытанні падабраныя такім чынам, каб з адказаў накруціць цытат і скроіць потым як заўгодна, — распавёў лідар АГП. — Таму я яшчэ раз пераканаўся, што ўсё гэта незаконна і прыцягнута за вушы”.
Паводле слоў Казлова, у яго ў тым ліку пыталіся пра некаторых іншых членаў Каардынацыйнай рады, пра фінансаванне КР.
У чарговы раз палітык выкліканы на допыт 12 студзеня. „На пытанне, навошта, улічваючы, што мая пазіцыя з першага допыту не змянілася, выразнага адказу я не атрымаў”, — сказаў Казлоў. На яго думку, усе гэтыя допыты патрэбныя толькі для аднаго — атрымаць такія адказы, якія можна потым выкарыстоўваць супраць людзей і для маніпулявання імі.
Допыты членаў КР доўжацца ўжо не першы месяц. Сёння, 6 студзеня, на допыт выкліканая член асноўнага складу рады, дацэнт, былы выкладчык Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Дуліна, 11 студзеня — Дзмітрый Крук, таксама член асноўнага складу КР, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі была створаная па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у жніўні 2020 года. Тады ж, у жніўні, па факце яе стварэння Генпракуратура распачала справу па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ або сеткі інтэрнэт).
21 снежня 2020 года Генпракуратура паведаміла аб распачынанні ў дачыненні да шэрагу членаў КР новых спраў „па фактах стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” (ч. 1 і 2 арт. 361 КК), а таксама па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Рэпрэсіі закранулі ўсіх членаў прэзідыума і большасць членаў асноўнага складу КР — многія з іх трапілі пад крымінальны пераслед, затрыманыя або вымушана з’ехалі за мяжу.