Лідара АГП Мікалая Казлова «выкінулі» на волю (абноўлена)
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту, быў вывезены ўвечары 7 красавіка з цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на ўскраіну Менску. Зроблена гэта, відавочна, каб не даць сустрэць палітыка актывістам партыі і іншым людзям, якія дзеля гэтага прыйшлі на Акрэсціна. Адзін з сябраў АГП Дзяніс Красачка сказаў, што Казлоў здолеў звязацца з імі праз мабільны тэлефон, звярнуўшыся да выпадковых мінакоў.
– Казлова выпусцілі, але яго выпусцілі не праз цэнтральны ўваход Акрэсціна, яго вывезлі на ўскраіну Менску, амаль што за Менск, і выкінулі на дарозе. Ужо павінен прыехаць дадому. У яго ж тэлефона не было. Ён патэлефанаваў з чужога тэлефона, сказаў, што яго вывезлі і ён едзе дамоў. Больш нічога ніхто зараз не ведае, у бліжэйшы час будзе ясна, што там адбывалася.
Мікалая Казлова павінны былі вызваліць яшчэ 6 красавіка. Але, па меркаванню Дзяніса Красачкі, паколькі Казлоў раней быў на суткі шпіталізаваны з-за пагаршэння здароўя, вызваленне адтэрмінавалі роўна на суткі.
Беларускае Радыё Рацыя
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова «выкінулі» на волю, паведаміў у Facebook экс-кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.
«Яго вывезлі на ўскраіну горада і там, па сутнасці, выкінулі на абочыну», — цытуе Лябедзьку REFORM.by.
Нагадаем, што Казлоў адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту і павінен быў вызваліцца ўчора. Аднак гэтага не адбылося. Сёння да яго хацеў патрапіць адвакат, аднак адваката да падабароннага не дапусцілі.
Па словах Лябедзькі, Казлова чакае новы суд 9 красавіка.
Старшыню АГП Казлова затрымалі 22 сакавіка, а 25 сакавіка далі 15 сутак па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне). Яно заключаецца ў тым, што Казлоў адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні звестак падчас допытаў па справе Каардынацыйнай рады ў Следчым камітэце.
Падчас суду Казлоў заявіў пра катаванні на Акрэсціна: ён сядзеў у аднамеснай камеры, у якой знаходзіліся восем чалавек. На падлогу камеры выплюхнулі каля 20 літраў канцэнтраванага раствору хлоркі.